Падарожжа з назвай «Наперад у мінулае» падрыхтавалі для малечы супрацоўнікі Сільніцкага сельскага Дома культуры. У гасцёўні Дзеда Мароза хлопчыкаў і дзяўчынак з аграгарадка Блізніца чакала не толькі сустрэча з казачнымі і галоўнымі героямі свята, а яшчэ і знаёмства з навагодняй атрыбутыкай мінулага стагоддзя.

Якія віншаванні з нагоды навагодняга свята атрымлівалі бабулі і дзядулі? Адказ на гэтае пытанне знаходзіўся на выставе паштовак вядомага ў СССР мастака Уладзіміра Зарубіна. Дзеці ўважліва разглядалі маленькія навагоднія гісторыі на паперы з удзелам зверанят, якія падарылі ўсмешкі мільёнам людзей, што жылі ў савецкі час.
Цікавасць у наведвальнікаў гасцёўні Дзеда Мароза выклікалі і ёлачныя цацкі ў вялікай скрыні. Сюды сабралі ўпрыгожанні для прыгажуні-ёлкі не только савецкіх часоў, а нават і даваенныя. Дапоўнілі кампазіцыю гірлянды з папяровых кольцаў, якія ў савецкі час сваімі рукамі выраблялі да зімовага свята хлопчыкі і дзяўчынкі.
Наведвальнікаў гасцёўні чакалі і сучасныя фотазоны з ёлкамі ў рознакаляровых агеньчыках. Дарослыя і дзеці дзівіліся на зорнае неба з гірляндаў, на ўпрыгожаную сцэну. Колькі фантазіі, жадання зрабіць свята вясёлым і цікавым уклалі ў казачную атмасферу працаўнікі
культуры!









