Жыхарка Полацкага раёна аб жыцці і працы на ферме

Заботы сельские

Жыхарка вёскі Казьянкі, аператар машыннага даення фермы «Казьянкі» філіяла «Вясна-
энерга» РУП «Віцебск­энерга» Таццяна Захарэвіч навагодняе свята сустракала са сваімі дзецьмі.

Дачка Юлія вучыцца ва ўніверсітэце ў Мінску, сын Раман атрымаў вышэйшую адукацыю, працуе ў Полацку. Пад бой курантаў маці зычыла сваім нашчадкам здароўя, міру і дабрабыту. «Дзеці і ўнучок для мяне — самае дарагое ў жыцці, усе мае памкненні — дзеля іх», — шчыра прызнавалася Таццяна Мікалаеўна.

Яна родам з Украіны, з Закарпацця. Прыехала ў Полацк у далёкім 1987 годзе. Уладкавалася на завод шкловалакна, працавала ў шкодных умовах. У 1997 годзе, калі знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, суседка прапанавала ёй часова ўладкавацца на мясцовую ферму падменнай даяркай. Даіць кароў жанчына ўмела, навучылася на малой радзіме: бацькі трымалі на падворку хатніх жывёл, трэба было дапамагаць.

Змена дзейнасці прыйшлася Таццяне Захарэвіч даспадобы. Тым больш, што жывёлу яна любіць з дзяцінства. З завода звольнілася, атрымала льготную пенсію і знайшла сябе ў новай прафесіі побач з каровамі. «Без сумленнага стаўлення да працы ніколі не атрымаеш вялікага малака, — упэўнена сцвярджала суразмоўца. — Рагулі адчуваюць цеплыню і ласку, калі ім забяспечаны добры догляд, яны накормленыя, тады паводзяць сябе спакойна і надоі растуць. А любоў да жывёл трэба адчуваць, яна на ўзроўні падсвядомасці, навучыцца гэтаму пачуццю немагчыма».

Таццяна Мікалаеўна абслугоўвае 60 дойных кароў. Сярэдні ўдой па яе групе па выніках мінулага года — 20 кг малака. Ёсць высокаўдойныя любіміцы, якія даюць больш за 40 кг каштоўнага прадукту. Жанчына ўжо прывыкла да разрыўнога працоўнага графіка. Яе дзень на ферме пачынаецца ў 5 гадзін раніцы. Падрыхтоўка да даення, раздача канцэнтрату, догляд за цялятамі і сама дойка займаюць каля 3 часоў. Пасля перапынку ў 13 гадзін яна зноў на ферме і вечарам таксама. Спраў у аператара машыннага даення хапае, час ляціць незаўважна. Сваіх падапечных яна добра ведае. Калі бачыць, што змяніліся паводзіны, апетыт ці настрой у якой-небудзь рагулі, адразу выклікае ветурача. Даярка ўмее прымаць роды ў каровы, ведае, як абыходзіцца з нованароджаным цяля, калі выпайваць яго дрэнчарам. На ферме ёсць маразільнае абсталяванне для малозіва і для яго размарозкі.

«Захаванасць цялят па маёй групе — 100%, — удакладніла жывёлавод. — Але ў гэтым заслуга не толькі асабістая. Мой абавязак — догляд, а падрыхтоўка кароў да родаў, своечасовая вакцынацыя — адказнасць ветурача».

У чым жа сакрэт высокіх вытворчых паказчыкаў Таццяны Захарэвіч? На гэтае пытанне ў жанчыны знайшоўся мудры адказ: «Дзякуючы Богу дома ў мяне спрыяльная атмасфера, дзеці выраслі годныя, таму я поўнасцю магу аддаць сябе працы. І думкі мае на ферме заняты тым, як выкарыстаць свой багаты працоўны вопыт на агульны вынік».
Яна заўсёды дапаможа, падкажа, бо дабрабыт гаспадаркі, якая за 30 гадоў стала для яе роднай, залежыць ад вынікаў працы і яе калег.

Калегі часам звяртаюцца да Таццяны Мікалаеўны за парадай ці з пытаннямі па доглядзе за жывёламі. Кожную раніцу яна сустракае ў добрым настроі. Думкі пра любімую працу — толькі пазітыўныя.

На ферме «Казьянкі» дружны калектыў, за слушнай парадай і падтрымкай заўсёды можна звярнуцца да спецыялістаў. Для зімоўкі жывёлы на ферме створаны ўсе ўмовы. Тут і поспехаў можна дасягаць, і добра зарабляць.