Узмацненне маразоў унесла карэктывы ў працу аграрыяў. У напружаных умовах ім расслабляцца недапушчальна. Пры нізкіх тэмпературах буйная рагатая жывёла патрабуе павышанай увагі.

На комплексах і фермах спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў Полаччыны і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама пастаянна кантралюецца стан умоў прабывання і здароўе кароў, маладняку.
Патрабаванні для ўсіх адзіныя — уцяпліць вокны і дзверы на фермах, каб не было скразнякоў, жывёле павялічыць рацыён, забяспечыць сухую падсцілку.
Без скразнякоў
На бягучым тыдні мы даведаліся, як працуюць ва ўмовах сёлетняй зімы спецыялісты і жывёлаводы ААТ «Кушлікі».
— Да маразоў мы падрыхтаваліся, — расказаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Анатоль Хламёнак. — Жывёла ў нас утрымліваецца на двух комплексах і на малочнатаварнай ферме «Кушлікі». Вокны, дзверы ў памяшканнях у працоўным стане. Ёсць будаўнічая брыгада, якая можа тэрмінова ўстараніць недахопы.
Да халадоў падрыхтаваныя і жывёлаводы. Іх дастаўка на працу ажыццяўляецца транспартам прадпрыемства. На комплексах і ферме ёсць пакоі адпачынку, дзе можна сагрэцца.
Жывёлаводы сочаць, каб не было скразнякоў, дзверы ў памяшканнях хутка зачыняюцца. На ноч усе шчыліны пад дзвярамі закрываюцца саломай, каб не прадзімала. Рацыён кармлення кароў — узмоцнены, маладняку павялічылі на 10% выпайку малаком. Каровы спажываюць змешаную механічным спосабам кормасумесь з сенажу шматгадовых траў і кукурузнага сіласу, камбікорм. Корм падкідваецца кожныя дзве гадзіны.
У рацыёне
Цялят змясцілі пад крышу, кожнаму адведзены індывідуальны бокс. Звяртаем увагу на падсцілку — сухая, высокая.
— Як і патрабуе прырода, імкнемся, каб нованароджанага цяля аблізала карова, лічыцца, што такім чынам яна яго засцерагае ад хвароб, перадае яму сваю мікрафлору. Потым змяшчаем яго ў спецыяльны бокс для абсыхання, — расказала пра догляд за маладняком вопытны жывёлавод Людміла Фурса. — Робім цялёнку масаж, запрашаем ветурача. У першую гадзіну пасля нараджэння абавязкова выпайваем цяля малозівам. Потым даём цёплую ваду. Увогуле імкнемся, каб у цялят даўжэй захоўваўся смактальны рэфлекс — яны тады хутчэй мацнеюць, мы іх поім малаком ад маці-каровы тыдзень і больш.
У рацыён маладняку ўваходзяць мука, мюслі, з цягам часу — камбікорм КР-1 і КР-2. А яшчэ для паляпшэння стрававання цялятам даюць… кока-колу. Канешне, добра развіваюцца бычкі і цялушкі не толькі з-за гэтага напою, але эфект ад яго, па назіраннях жывёлавода, добры.
Намеснік дырэктара гаспадаркі па вытворчасці Аліна Завацкая заўважыла, што на атрыманне поспехаў у жывёлагадоўлі вялікі ўплыў аказвае стаўленне да справы людзей. Такім, як Людміла Фурса, можна даверыць маладняк і быць упэўненым, што кожнаму з 86 яе гадаванцаў будзе забяспечаны неабходны догляд.
Пра будучыню
Пахваліла Аліна Канстанцінаўна за добрую працу і маладых ветфельчараў Караліну Дабравольскую і Алесю Федаровіч. Першая — на практыцы, навучэнка аграрнага каледжа Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Другая — выпускніца гэтай установы, працуе ў гаспадарцы больш за паўгода. Абедзве прыязджаюць на працу ў Кушлікі штодзень на аўтобусе.
У нашай гутарцы спецыялісты расказалі, што праца ім спадабаецца. І ўмовы добрыя, і забеспячэнне ветпрэпаратамі на ўзроўні. У перспектыве, калі здзейсняцца планы кіраўніцтва гаспадаркі наконт будаўніцтва жылля, моладзь плануе змяніць месца жыхарства на аграгарадок. Мараць дзяўчаты і пра атрыманне вышэйшай адукацыі.









