Пра бычкоў і цялушак жывёлавод (цялятнік) сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Палімір-агра» Дзмітрый Бакурын ведае ўсё ці амаль усё

Заботы сельские

Пра бычкоў і цялушак жывёлавод (цялятнік) сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Палімір-агра» Дзмітрый Бакурын ведае ўсё ці амаль усё.

Мужчына працуе з жывёламі ўсё жыццё  — пасля службы ў арміі прыйшоў у родны калгас, даглядаў свіней, потым цялят, быў даяром, пастухом. Калі гаспадарка ва Ушацкім раёне, дзе ён працаваў, стала банкротам  — уладкаваўся спачатку на прыватны падворак да фермера, а потым — у суседні Полацкі раён, у «Палімір-агра». Пяты год запар ён прыязджае на комплекс «Гомель» з аграгарадка Вяркуды Ушацкага раёна яшчэ на досвітку, у пяць гадзін раніцы.

Яго гадаванцы — больш за 80 цялят рознага ўзросту — штодзень чакаюць свайго гаспадара. Ён і падсцілку з саломы памяняе ў індывідуальных доміках для вырошчвання маладняку, і малачка ім наліе, і камбікорму насыпе. Сочыць, каб свежая вада была. Звяртае ўвагу на паводзіны цялушак і бычкоў. Статак зменшыўся нядаўна, быў амаль удвая больш, жывёлу перадалі на дарошчванне.

Яны ж даверлівыя, нібы рабяты, — з усмешкай адзначаў мужчына. — Ласку разумеюць, адчуваюць, калі да іх з дабром падыходзіш.

Сёлетняя зіма выдалася асабліва халоднай. Дзмітрый Сяргеевіч расказаў, як уцяпляліся домікі, дзе ўтрымліваліся цяляты, як з пільнай увагай і пяшчотай ён і ветурачы даглядалі нованароджаных. Кожнаму цяля павялічвалі рацыён, імкнуліся захаваць пагалоўе. «І ў нас атрымалася перазімаваць без падзяжу маладняку», — з гонарам адзначыў вопытны жывёлавод.

Ён даглядае цялят па 1,5-2 месяцы, да вагі 70 і больш кілаграмаў, потым цялушак перадае ў іншыя рукі на дарошчванне ў сваёй гаспадарцы, а бычкоў сельгаспрадпрыемства рэалізуе на комплексы Віцебскай вобласці.

На пытанне, ці шкада яму развітвацца з жывёламі, якіх выхаваў з нараджэння, мужчына адказаў: «Прывык ужо. Адных перадаю, на іх месца становяцца новыя, малодзенькія, іх таксама трэба гадаваць».Дзмітрый Сяргеевіч задаволены, калі нараджаюцца прыгожыя, здаровыя цяляты. З адным з іх, якому ад роду толькі два дні, згадзіўся сфатаграфавацца. Маленькага бычка ён прыласціў хутка.

Жывёлавод прабываў у добрым настроі. Радаваўся, што надвор’е палепшылася, вясной пахне ў паветры, значыць цялятам будзе цёпла. Расказаў, што дома яго штодзень чакае сустрэча з любімай жонкай Наталляй. З ёй яны выхавалі і вывучылі сына Паўла, які зараз служыць па катракце ў вайсковай часці ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёна. Бацькі ганарацца ім. «Лёгкіх грошай не бывае, — вучыў Дзмітрый Сяргеевіч свайго нашчадка.  — Каб ад працы атрымаць задавальненне, трэба пастарацца». І сын урок засвоіў. Калі тэлефануе вечарам, расказвае, што пасля працоўнага дня стомлены, але пачуццё запатрабаванасці робіць яго шчаслівым. «У гэтым мы з ім падобныя», — усміхаўся герой публікацыі.