Полацкі раённы Цэнтр культуры па выніках мінулага года прызнаны лепшым у вобласці

Культура

Полацкі раённы Цэнтр культуры па выніках мінулага года прызнаны лепшым у вобласці ў намінацыі «Лепшы раённы (гарадскі) Дом культуры». Гэта высокая ўзнагарода стала заканамерным вынікам карпатлівай працы.

Скіраваны на вынік
У Полацкім раённым Цэнтры культуры кіпіць жыццё, напоўненае творчасцю. Тут працуе каманда з 30 чалавек. 23 з іх — спецыялісты, задача якіх — захоўваць і памнажаць культурную спадчыну рэгіёна, ствараючы незабыўныя святы для яго жыхароў і гасцей.

Гісторыя раённага Цэнтра культуры пачалася ў снежні 1979 года. У той час прадпрыемства «Полацксельбуд» пабудавала і перадала гораду Дом культуры. У 1990-м будынак трапіў пад апеку раённага аддзела культуры. Да 2014 года ўстанова была вядома як Полацкі раённы Дом культуры. А затым, аб'яднаўшыся з раённым метадычным цэнтрам, набыла сваю цяперашнюю назву — Полацкі раённы Цэнтр культуры. 

— Наша творчая каманда — гэта сукупнасць культработнікаў, выхаваных на традыцыях савецкай школы, і маладых крэатыўных людзей. Усе яны ўкладаюць душу ў кожную ініцыятыву, — з гонарам расказвае Святлана Лазарэнка, дырэктар Полацкага РЦК.  — Менавіта гэты сімбіёз дазваляе нашай установе быць у авангардзе культурнага жыцця рэгіёна. Вопытныя спецыялісты прыўносяць глыбокія веды традыцый, узбагачаюць метадычную базу. Маладыя ж, у сваю чаргу, забяспечваюць свежы погляд, прапаноўваюць смелыя ідэі, сучасныя тэхналогіі і заўсёды гатовы да эксперыментаў. Іх энтузіязм і прафесіяналізм з’яўляюцца рухаючай сілай.

У 2025 годзе калектывам Полацкага РЦК паказчыкі дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» выкананы на 100%, а план платных паслуг — больш чым на 100%.

Скарбніца ідэй
Полацкі РЦК вядомы сваім шырокім спектрам мерапрыемстваў. Тут праходзяць канцэрты творчых калектываў, фестывалі, выставы, конкурсы, майстар-класы і іншае. Спадабаліся нашым жыхарам і тэматычныя святочныя вечары да Новага года, Дня жанчын, якія работнікі Цэнтра культуры кожны раз праводзяць па аўтарскіх сцэнарыях, улічваючы сучасныя тэндэнцыі. Кожны жыхар раёна можа знайсці тут занятак па душы і магчымасць для самавыяўлення.

Сёння на базе Полацкага раённага Цэнтра культуры дзейнічае 12 клубных фарміраванняў, з іх 8 — калектываў мастацкай творчасці і 4 аматарскія аб’яднанні. 7 —  маюць званне «народны», адзін — «заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». 

За мінулы год установа культуры правяла шэсць творчых конкурсаў. Адзін з іх — свята-фэст «На зямлі святой Сафіі». Ён рэалізуецца на тэрыторыі рэгіёна больш за 20 гадоў і накіраваны на папулярызацыю творчасці сама-
дзейных беларускіх аўтараў. Свята складаецца з конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, гала-канцэрта пераможцаў і адметных акцый. Акрамя таго, па выніках фэсту выдаецца зборнік з тэкстамі і нотамі песень самадзейных аўтараў Віцебшчыны, а таксама CD-дыск з фанаграмамі вакальных
твораў.

Толькі за 2025 год рэалізавана 12 разнапланавых праектаў, пяць з якіх — новыя. Напрыклад, творчы марафон «Брэнд года», мэта якога — стымуляванне крэатыўных ініцыятыў, павышэнне якасці паслуг. Прыцягваюць увагу мерапрыемствы па арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў у канікулярны перыяд, папулярызацыі традыцыйных абрадаў і вёсак Полацкага раёна. 

— Вялікую ўвагу ў сваёй працы мы надаём адраджэнню аўтэнтычнай кулінарнай спадчыны Полацкага раёна. У рамках штогадовага этнафэсту праходзіць конкурс-прэзентацыя старажытных страў Полаччыны «З глыбінь вякоў — на сучасны стол», — падзялілася Святлана Іванаўна. — Запісаныя рэцэпты ад носьбітаў адаптуюцца да сучасных умоў, захоўваючы тэхналогію вырабу. Полацкая кухня — гэта сялянка, цыбрыкі, ладада, маркоўнікі і аксамітны квас.

З мэтай папулярызацыі полацкай кухні выдаюцца зборнікі арыгінальных рэцэптаў. На дадзены момант выйшла два выпускі.

У кагорце лепшых
Творчыя калектывы стабільна паказваюць высокае прафесійнае майстэрства. Толькі за 2025 год яны сабралі багатую калекцыю — больш за 60 узнагарод самага рознага ўзроўню: ад міжнародных конкурсаў да рэспубліканскіх і абласных прэмій. Гэта яскравае пацвярджэнне таленту і ўпартай працы артыстаў і майстроў.
Напрыклад, I месца ў прэзентацыі тэматычных брэндавых пляцовак у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Удзельнікі народнай студыі эстраднага майстэрства «Тандэм» сталі лаўрэатамі І ступені конкурса ваенна-патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў», гэты ж калектыў прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі «Іванава — культурная сталіца Беларусі». А ўдзельнікі народнай эстраднай студыі X-Day заваявалі І месца на абласным конкурсе «Салдацкі канверт-2025».

Мінулы год стаў перыядам актыўнай дзейнасці Цэнтра па ўмацаванні культурных сувязей і прэзентацыі Полацкага раёна на міжнароднай арэне. З гэтай мэтай былі арганізаваны гастрольныя туры, якія дазволілі пазнаёміць замежную публіку з багатай культурнай спадчынай Беларусі. З сольнымі канцэртамі Расійскую Федэрацыю наведалі народная студыя эстраднага майстэрства «Тандэм» і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай песні «Заманіха».

— Дзейнасць раённага Цэнтра культуры праходзіць пад патранажам аддзела культуры Полацкага райвыканкама, які фінансуе брэндавыя мерапрыемствы, закупляе касцюмы, інструменты, апаратуру для калектываў. Без падтрымкі аддзела многія задумкі не былі б рэалізаваны, — падкрэсліла Святлана Лазарэнка. — Таксама мы ўдзячныя ўпраўленню культуры Віцебскага аблвыканкама, якое прадастаўляе пляцоўкі для прэзентацыі нашага творчага патэнцыялу.


Прызнанне Полацкага раённага Цэнтра культуры лепшым у вобласці — магутны стымул для далейшага развіцця. Гэта ўзнагарода падкрэслівае важнасць ролі раённых дамоў культуры ў жыцці грамадства, іх уклад у фарміраванне культурнай ідэнтычнасці рэгіёну і стварэнне спрыяльнага асяроддзя для творчай самарэалізацыі грамадзян. Упэўнены, што Полацкі раённы Цэнтр культуры працягне радаваць жыхароў і нашых гасцей яркімі падзеямі, наватарскімі праектамі і застанецца сапраўдным цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто шануе і любіць мастацтва.