Калі пачынаеш разважаць пра жанчын, абавязкова на розум прыходзяць словы — «прыгажосць», «пяшчота», «гармонія». Жанчыны маюць гібкасць, але пры гэтым захоўваюць свой унутраны стрыжань. Іх слабасць становіцца не бездапаможнасцю, а той самай жаночай мудрасцю, якая дазваляе ім, саступаючы, захаваць свет.

Так сваё жыццё будуе добра вядомая ў Полацку Валянціна Пятроўна Нагорная, былы кіраўнік узорнага юнацкага тэатра-студыі «Гармонія», якому напрыканцы 2025 г. споўнілася 50 гадоў з часу стварэння.
Зорны час дзяўчынкі з Міншчыны
У 1975 г. пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў Полацк на працу была накіравана маладая пара — муж і жонка Валянцін і Валянціна Нагорныя. Пры Палацы культуры ВА «Шкловалакно» яны стварылі два тэатральныя калектывы — народны тэатр «Пілігрым» (рэжысёр В.П.Нагорны) і ўзорны юнацкі тэатр-студыю «Гармонія» (рэжысёр В.П.Нагорная). Болей за 25 гадоў два калектывы ішлі разам. Юныя акцёры, падрастаючы, пераходзілі ва ўзрослы калектыў, некаторыя звязалі сваё жыццё з прафесійным тэатрам.
У Год беларускай жанчыны асобныя словы ўдзячнасці хочацца выказаць менавіта Валянціне Пятроўне. Гартаючы «Полацкі веснік» мінулых гадоў, чытаеш, як дзяўчынка з Міншчыны разыгрывала смешныя сцэнкі перад аднавяскоўцамі. Зорны час Валянціны Нагорнай і яе мужа звязаны з Полаччынай. Тут Нагорныя склаліся як прафесійныя акцёры і рэжысёры. У няпростыя для тэатраў 1990-я гады Валянціна Пятроўна стала тым стрыжнем, які ўтрымаў «тэатральны каркас» Полацка, а тэатр-студыя «Гармонія» аказаўся тым мастком, які злучыў гісторыю Полацкага народнага тэатра з тэатральным жыццём Полацка ў ХХІ стагоддзі.
Ад «Прынцэссы Пэпі»…
Пачынаўся тэатр-студыя «Гармонія» з 7 дзяўчынак, якія дэбютавалі ў сакавіку 1976 г. у п’есе «Прынцэса Пэпі» пад кіраўніцтвам Валянціны Пятроўны. Год ад году калектыў тэатра павялічваўся — 15, 25, а потым ужо 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. У 1980 г. тэатр-студыя «Гармонія» атрымаў званне «ўзорнага», і на працягу наступных гадоў калектыў павінен быў яго пацвярджаць.
У той час гэта былі не толькі рэпетыцыі і спектаклі. Моладзь наведвала заняткі па акцёрскім майстэрстве, сцэнічнай мове, руху і танцах, майстар-класы па грыме, якія праводзіла Валянціна Пятроўна, а яшчэ былі пастаянныя сустрэчы з творчымі калектывамі, прафесійнымі акцёрамі тэатра і кіно. Дзякуючы такому падыходу выхаванцы Валянціны Пятроўны на ўсё жыццё захоўвалі любоў да тэатра.
Вопыт працы ўзорнага юнацкага тэатра-студыі «Гармонія» па арганізацыі грамадскага самакіравання ў калектыве пад кіраўніцтвам В.П.Нагорнай быў абагульнены і распаўсюджаны Міжсаюзным Домам самадзейнай творчасці Белсавпрафсаюза.
…да «Антыгоны»
Сёння, калі ўжо прайшло 50 гадоў з дня стварэння тэатра-студыі «Гармонія», а самадзейныя полацкія акцёры выраслі, разумееш, якую вялікую справу рабіла Валянціна Пятроўна. Працуючы са сваімі выхаванцамі дзень за днём, яна шмат увагі надавала раскрыццю індывідуальнасці, прывівала густ да самастойнай творчасці, духоўных зносін.
З 1992 г. Нагорныя працавалі ў Гарадскім доме культуры. Валянцін Пятровіч 7 гадоў узначальваў дарослы тэатр «Пілігрым», а Валянціна Пятроўна адказвала за тэатр-студыю «Гармонія». Самай адметнай пастаноўкай на новай сцэне В.П.Нагорнай стаў спектакль «Антыгона», дзе Валянцін Пятровіч выступіў у якасці мастака-пастаноўшчыка і выканаўцы ролі цара Крэона. Сама Валянціна Пятроўна сыграла галоўную гераіню — Антыгону. Пастаноўка п’есы «Брэхта» для кіраўніка стала сапраўным подзвігам і дапоўніла капілку больш за 70 спектакляў, пастаўленых Валянцінай Пятроўнай у Полацку. Да 2005 г. са сваёй «Гармоніяй» В.П.Нагорная паказала яшчэ некалькі пастановак, выступіла на адкрыцці помніка «Крывічы» ў Полацку і на міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 370-годдзю з дня нараджэння Сімяона Полацкага.
Юныя артысты «Гармоніі» лічылі сабе адной сям’ёй, з нецярпеннем чакалі правядзення такіх традыцыйных тэатральных свят як «Посвящение в богатыри…» (праводзіны ў войскі), «Праздник совершенолетия», «В гостях у Муз…», «Суд над выпускником», якія звычайна збіралі ўсіх прыхільнікаў Мельпамены — саміх артыстаў, іх родных, сяброў.
Напярэдадні Сусветнага дня тэатра хочацца пажадаць Валянціне Пятроўне дабрабыту і даўгалецця. Няхай жыццё піша для Вас тую п’есу, якую жадаеце бачыць на сцэне свайго лёсу, а зала Вашага жыцця няхай заўсёды будзе напоўнена дарагімі сэрцу людзьмі!
І.П.ВОДНЕВА, загадчык
Краязнаўчага музея.
Фота з фондаў установы.









