100 гадоў таму пры газеце «Чырвоная Полаччына» быў створаны Полацкі філіял рэспубліканскага літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а па першаму альманаху суполка стала называцца — «Наддзвінне».
Восенню гэтага года мы рыхтуемся адзначыць свой юбілей і падзяліцца багатай гісторыяй нашых творчых поспехаў і дасягненняў. А напярэдадні Дня Перамогі прапаноўваем чытачам газеты «Полацкі веснік» урывак з кнігі В.Р.Карасёва «Наддзвінне: ад пачатку да сёння».

У радах Чырвонай арміі і ў партызанскіх атрадах, у рэдакцыях франтавых газет змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 203 беларускіх літаратары, і многім з іх не пашчасціла святкаваць Вялікую Перамогу.
У радах абаронцаў Айчыны білі ворага і члены літаб’яднання «Наддзвінне»: браты Сцяпан і Мікалай Сямашкі, П.Броўка, Т.Хадкевіч, С.Хурсік, А.Астрэйка, У. Яцкевіч, Т.Лясовіч, А.Савіцкі, У.Ліхачоў, Н.Ярмак…
Сцяпан Пятровіч Сямашка, напрыклад, удзельнічаў яшчэ ў грамадзянскай вайне, а з першых дзён Вялікай Айчыннай ён быў палітработнікам у радах Чырвонай арміі, быў цяжка паранены, але застаўся жывым.
Мікалай Пятровіч Сямашка, росквіт творчасці якога прыпадае на 1926-1934 гады, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, а перад вайной працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела беластоцкай газеты «Вольная праца». У чэрвені 1941 года ён здаў у выдавецтва падрыхтаваны зборнік вершаў аб вызваленні Заходняй Беларусі. У пісьме да стрыечнай сястры Клаўдзіі Ігнатаўны Мікалай радаваўся выхаду з друку свайго зборніка і пісаў, што рыхтуецца ўступіць ў шлюб. Але яго планам не наканавана было здзейсніцца. З першых дзён вайны чырвонаармеец М.Сямашка трапіў на фронт у самае пекла. У 1941 годзе пры абароне горада Оршы сярод мноства загінуўшых быў і наш зямляк. Ён на справе даказаў любоў да роднай зямлі, якую апяваў у сваіх вершах.
Нагадаю словы яго верша (1936 год) «Радзіме радок»:
Жыццю ў пояс мой паклон.
Я горды стаў. Бо я багат
Нясхожанай сваёй зямлёй.
За сваё кароткае жыццё ён пакінуў багатую літаратурную спадчыну, у тым ліку кнігу паэзіі «Шчырасць».
Беларускі паэт С. Шушкевіч прысвяціў М.Сямашку верш «На Аршаншчыне ля сіняе ракі», у якім ёсць такія радкі:
І вось там, дзе ўсё агнём палала,
А цяпер вянкі — на просценькіх капцах,
У радах салдацкіх больш не стала
Простага, вясковага хлапца.
Уладзімір Яцкевіч, педагог, перад вайной працаваў дырэктарам Ульскай сярэдняй школы на Віцебшчыне, а ў кастрычніку 1941 года пасля курсаў палітсаставу аказаўся ў асобнай стралковай брыгадзе дзеючай арміі пад Сталінградам. Малодшы палітрук, камсорг 1030-га стралковага палка 260-й стралковай дывізіі 24-й арміі Яцкевіч Уладзімір Якаўлевіч загінуў 3 кастрычніка1942 года ў баі за вышыню 154,2 у раёне ст.Котлубань, што на поўначы горада Сталінграда, дзе пахаваны ў брацкай магіле. Загінуў і партызан-зямляк Тэрэнт Лясовіч.
Валянціна Сопікава, кіраўнік народнай літаратурнай студыі «Наддзвінне».









