У настаўніка Полацкай гімназіі Марыны Вітальеўны ЛАПАЦІНАЙ у гэтым годзе двайная радасць

Образование

Для педагога перамога вучня — гэта і яго перамога, і ён радуецца ёй больш, чым асабістай. А ў настаўніка Марыны Вітальеўны ЛАПАЦІНАЙ у гэтым годзе двайная радасць, двайная гордасць, бо сярод яе навучэнцаў ажно два сталі рэспубліканскімі прызёрамі.

Ганна КМІТА, навучэнка 11 класа ПДГ №1 імя Ф.Скарыны, другі год запар прывозіць з заключнага этапа алімпіяды дыплом ІІІ ступені.
Свой удзел у алімпіядным руху дзяўчынка пачынала з алімпіяд па рускай мове і літаратуры. Але настаўніцы М.В.Лапаціна і А.Ул.Казлова дапамаглі ёй пазнаць прыгажосць беларускай мовы. І ўжо ў 8 класе Ганна атрымала дыплом І ступені на раённай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры сярод дзевяцікласнікаў. У 9-м — стала абсалютным пераможцай на раённым этапе і была адзначана дыпломам ІІІ ступені ў вобласці.
Адно з алімпіядных заданняў — напісанне водгуку на літаратурны твор (часта паэтычны). Па словах вопытнай удзельніцы алімпіяды, напісаць водгук — гэта пражыць твор, інакш жывым водгук не атрымаецца, і, каб знайсці менавіта тую думку, тыя словы, патрэбны намаганні.

«Праблема ў тым, што людзі зараз менш чытаюць, аддаючы перавагу сацыяльным сеткам, — лічыць дзяўчына. — Паэзію ставяць на другі план, але яна патрэбная для самаўдасканалення, самаразвіцця. Калі мы разбіралі вершы, гэта натхняла на думкі, ты пачынаеш аналізаваць, глядзець на сябе з боку і расці як асоба».
Ганна Кміта мае выдатныя веды і па іншых вучэбных прадметах, сярэдні бал паспяховасці — 9,9. Раней дзяўчына на выдатна скончыла музычную школу па класе фартэпіяна.

Цімур ПАВУКОЎ, навучэнец 9 «Б» класа ПДГ №1 імя Ф.Скарыны, на заключным этапе алімпіяды па прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» таксама адзначаны дыпломам ІІІ ступені.
У алімпіядах па гэтых прадметах ён выступае з 5 класа, мае невялікі вопыт удзелу ў алімпіядах па фізіцы, інфарматыцы. Вось якое спалучэнне ў хлопчыку фізікі і лірыкі! Але пераважыла родная мова.

Яшчэ ў 8 класе Цімур атрымаў дыплом ІІ ступені на абласным этапе сярод дзевяцікласнікаў і прымаў удзел у складзе зборнай каманды Віцебскай вобласці ў рэспубліканскім, праўда, дыплом у прошлым годзе атрымаць на ўдалося. Зараз вышыня ўзятая! Гэтаму папярэднічаў дыплом І ступені на абласным узроўні.

Марына Вітальеўна падзялілася, як у 5 класе Цімур упершыню выйшаў адказваць да дошкі і ўразіў яе — такое менавіта беларускае маўленне паказаў хлопчык. «Ён настолькі ад душы і настолькі па-беларуску расказ­ваў…», — успамінае вопытны педагог.

Ёсць у Цімура яшчэ адно захапленне — юнак сам вывучыўся граць на гітары, а з гэтага года наведвае заняткі па ігры на гэтым інструменце і ў гімназіі. Ужо выступаў на школьнай сцэне.