Жыхарка вёскі Экімань Полацкага раёна Еўдакія Хахалко сустрэла соты дзень нараджэння

Главное

З самага ранку 14 сакавіка жыхарка вёскі Экімань Полацкага раёна Еўдакія Хахалко вяла гутарку са сваёй любімай матуляй Еўдакіяй Пятроўнай Мурашовай пра няпросты яе лёс, пра тое, што пражыла яна ўжо цэлы век!

100Бабуля нават не паверыла дачцэ, што сустракае свой дзень нараджэння з трохзначнай лічбай. Яна ніколі не думала, што будзе доўгажыхаркай. Хаця былі для гэтага перадумовы: яе бацька пражыў 104 гады… Еўдакія Пятроўна не заўважыла, як мінуў час. Пакуль век звекавала — усяго спазнала: і радасць была ў жыцці, і гора хапіла.

Нарадзілася яна ў час Першай сусветнай вайны — 14 сакавіка 1914 года — у вёсцы Купелішча Расонскага раёна. Імя ёй далі адпаведна з народным календаром: у дзень яе нараджэння адзначаецца Дзень Еўдакіі Плюшчыхі. Жыццё бабулі без перабольшвання — цэлая эпоха. Яна жыла пры панах, сустрэла Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю, перажыла Вялікую Айчынную вайну, будавала камунізм… Пры знаёмстве з бабуляй кінуліся ў вочы яе спрацаваныя рукі: не цяжка здагадацца, колькі працы яны зведалі!

— Працавала, пакуль магла, вельмі шмат. У калгасе. Даяркай, цялятніцай. І хатняя гаспадарка была заўсёды вялікай: трымалі па дзве каровы, свіней, авечак, — расказала Еўдакія Пятроўна.

Калі зайшла гутарка пра дзяцей, бабуліны вочы наліліся слязьмі. У іх з мужам Іванам Іванавічам да Вялікай Айчыннай вайны нарадзіліся пяцёра дзяцей. Але чацвёра захварэлі на тыф і памёрлі, засталася толькі маленькая, 1938 года нараджэння, дачка Ядвіга. Муж з фінскай вайны вярнуўся дамоў інвалідам, таму з немцамі не ваяваў. Яны жылі ў вайну ў роднай вёсцы, чым маглі дапамагалі партызанам. Пасля ваеннай разрухі пачалі зажывацца, у 1948 годзе ў сям’і нарадзілася дачка Еўдакія, праз тры гады — сынок Мікалай. Сям’я Мурашовых была вялікай і вельмі дружалюбнай. У іх часта бывалі госці, Еўдакія Пятроўна частавала іх дранікамі, якія пякла ў печцы. Іх непаўторны смак назаўсёды запомніла дачка Еўдакія, якая з усёй шматдзетнай сям’і засталася адна і зараз даглядае маці.

Доўгажыхарка пераехала да яе ў Полацкі раён пасля смерці меншага сына — сем гадоў таму. Зыход з жыцця Мікалая адгукнуўся ў душы маці горыччу, адбіўся на стане здароўя. Бабуля перастала хадзіць. «Яна можа стаць на ногі, але зрабіць крок баіцца. Можа, таму, што нічога не бачыць­ з-за катаракты», — разважала дачка Еўдакія Іванаўна. І дадала, што маці ніколі нічым не хварэла. У паліклініцы за ўсё жыццё нават яе карткі не было…

Павіншаваць доўгажыхарку з прыгожым, рэдкім юбілеем у цёплы веснавы дзень прыйшлі сусе­дзі, прадстаўнікі мясцовай сельскай улады і шматлікія нашчадкі. Іх у бабулі нямала: 9 унукаў, 13 праўнукаў, адзін прапраўнук. Маленькі Клім — унучак сына Мікалая — моцна абхапіў сваю прабабулю абедзьвюма рукамі. Так чулліва гэта выглядала… Еўдакія Пятроўна заплакала. Але супакоілася, калі сказалі, што трэба сфатаграфавацца на памяць з праўнукамі. Святланка, Клім, Мацвей і Савелій селі побач з юбіляркай і стараліся пазіраваць.

Іх вялікі дом па вуліцы Паркавай часта наведваюць госці. Тут ёсць дзе разгуляцца рабятам. Шчаслівы смех унукаў і праўнукаў — самыя любімыя і дарагія гукі для доўгажыхаркі Еўдакіі Мурашовай. Усё жыццё яна вучыла сваіх дзяцей шчырай працы, імкнулася, каб яны былі добрымі і дружнымі. Зараз у іх вялікай сям’і пануе атмасфера павагі і добразычлівасці. Для бабулі Еўдакіі гэта — галоўны вынік жыцця.

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *