На Полаччыне на ўборцы зялёнай масы лідзіруюць механізатары філіяла «Гараны-Агра»

Заботы сельские

На вялікім полі ля вёскі Дзедуны Гаранскага сельсавета ў пятніцу ішла ўборка травы.

Працавалі кормаўборачны камбайн «Ягуар-850» і аўтамабіль, заняты на адвозцы зялёнай масы. Гэтую летнюю сельскую карціну ўпрыгожвалі буслы – пастаянныя спадарожнікі камбайна, якія хадзілі па свежай скошанай траве, шукаючы, чым пажывіцца. Далёка па наваколлі разносіўся гул працуючай сельскагаспадарчай тэхнікі.

На камбайне «Ягуар-850», які косіць, падбірае, змяльчае і адразу грузіць спажыўны зялёны корм у кузаў аўтамабіля, працаваў трактарыст-машыніст філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі КХП» Дзмітрый Капыценка. Гэты працаўнік штогод з’яўляецца адным з лідараў раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. Сёлета ён штодзень выконвае норму на 187%, 300 тон сянажнай масы – вынік яго працоўнага дня.

— Люблю касіць траву, — шчыра прызнаўся Дзмітрый Пятровіч. Яго «жалезны конь» спраўна працуе трэці сезон, вопытны трактарыст правільна яго настройвае і ўмела ім кіруе.

У 7 гадзін раніцы Дзмітрый Капыценка ўжо на працы. За шмат гадоў, якія працуе ў сельскай гаспадарцы, навучыўся берагчы час. Летнія дзянькі — доўгія, можна паспець шмат чаго зрабіць. З поля ён вяртаецца а палове дзявятага вечара, дома яго чакаюць любячыя жонка, дачка і сын.
Галоўны аграном філіяла Тамара Макарава адзначыла, што Дзмітрый Капыценка – выхаванец іх гаспадаркі. Сеў на трактар пасля курсаў, якія скончыў у школе. Любоў да тэхнікі, жаданне шчыра, аддана працаваць на роднай зямлі дапамаг­лі яму за два дзясяткі гадоў стаць трактарыстам-прафесіяналам. Дзмітрый Пятровіч мае і адметныя чалавечыя якасці: добразычлівы, адказны, надзейны.


Акрамя нарыхтоўкі кармоў, Дзмітрый Капыценка займаецца ў філіяле ўнясеннем мінеральных угнаенняў на трактары «МТЗ-82» з прычапным «РДУ1». І з гэтай працай ён спраўляецца на самую высокую адзнаку.

На пытанне, ці стамляе трактарыста штодзённая праца ў кабіне, Дзмітрый Капыценка з усмешкай адказаў: «Займаюся тым, што ўмею і не заўважаю, як бяжыць час. А пра стомленасць увогуле ніколі не думаю!»