20 ліпеня аграгарадок Зялёнка Полацкага раёна запрашае на НАРОДНАЕ СВЯТА «КУЗЬМІНКІ»

Актуальное Общество

20 ліпеня ў 12.00 аграгарадок Зялёнка Полацкага раёна запрашае на НАРОДНАЕ СВЯТА «КУЗЬМІНКІ».

Тры гады запар у аг. Зялёнка ўвесь Полацкі раён з размахам святкаваў восеньскія Кузьмінкі па мясцовых традыцыях. Але ў сярэдзіне ліпеня нашы продкі адзначалі яшчэ і летняе свята Кузьмінкі. У народзе казалі: “Кузьма і Дзям’ян прыйшлі – мы на пакос пайшлі”,У дзень Кузьмы і Дзям’яна касіць не рана”. У гэты перыяд удаўніну пачынаўся сенакос, да яго сяляне рыхтаваліся загадзя і адзначалі вясёлымі вячоркамі ў гонар святых безсярэбраннікаў Кузьмы і Дзям’яна.

У аграгарадку Зялёнка мясцовыя жыхары шануюць спадчыну сваёй мясцовасці і па-ранейшаму святкуюць летнія Кузьмінкі, у якіх пераплятаюцца традыцыі і сучаснасць, набываючы форму яркага народнага гуляння.

У гэтым годзе на летнія Кузьмінкі ў Зялёнку з’едуцца каманды з 4 чалавек з усёй Полаччыны.

Унікальны певень-старажыл абвесціць пачатак кузьмінкаўскіх ігрышч!!!

(Зялёнкаўскія гаспадыні вельмі шануюць сваіх пеўняў, узрост самых выдатных экзэмпляраў даходзіць да 10 гадоў)

У праграме:

Першая частка свята «Улагоджванне Кузьмы-Дзям’яна» па дарозе да гары “Фестываль”:

-“Гасцінец з народнымі прыметамі летніх Кузьмінак” (каб трапіць на свята, удзельнікі праходзяць семь тэматычных пляцовак (“Ссыпкі”, “Баба-пляткарка”, “Кузьмінкаўская стагоўніца” і інш.) і выконваюць рытуальныя дзеянні)

Другая частка свята – тэатралізавана-гульнёвая праграма “Бабін фэст” (месца правядзення: гара «Фестываль»):

— “Шэсце сельскіх працаўнікоў”

— “З’яўленне духаў Сярбая і Жыжаля”

— Народныя абрадавыя дзеі “Мудрамер ад Кузьмы-Дзям’яна”, “Выветрыванне дурноты з жаніхоў”

— Народная гульня-забава “Капа лёсу”

— Частаванне рытуальнымі стравамі (У час летніх Кузьмінак удаўніну пачынаўся не толькі сенакос, але і збор першага ўраджаю гародніны і ягад. Жанчыны рабілі варэнне, а яшчэ па традыцыі гатавалі зборную кашу, для якой кожная гаспадыня на свята штосьці прынасіла. Частавалі суседзяў і падарожнікаў.)

— Кузьмінкаўскія прыпеўкі і народнае папуры-караоке

— Канцэртная праграма ад народнага ансамбля песні “Млын” Ветрынскага гпДк і ансамбля песні “Фярцінка” Багатырскага СДК.

Самыя яскравыя ўдзельнікі свята урачыста ўсаджваюцца на драўлянага каня і атрымоўваюць тытулы:  “Першая красуня свята Кузьмінкі”, “Самы зайздросны жаніх свята Кузьмінкі”, “Самы шчодры госць”, “Масцярыца агароднай справы”, і інш.

Любіце народныя святы – прыязджайце на летнія Кузьмінкі ў Зялёнку!