Адкрылася выстава, прысвечаная 40-годдзю Полацкай мастацкай галерэі

Актуальное Культура

У полацкай Мастацкай галерэі адбылося адкрыццё выставы «Абранае», якая стала творчым падарункам да яе 40-годдзя.

На выставе прадстаўлена частка твораў з ліку тых, што дэманстраваліся падчас арт-фестывалю выяўленчага мастацтва ў Мінску. У яго межах адбыліся I трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў і выставачны праект «Графіка года», стаўшыя самай яскравай творчай падзеяй 2020-га.
Полацкія аматары мастацтва атрымалі магчымасць пазнаёміцца з лепшымі работамі, выкананымі вядомымі мастакамі ў розных жанрах і техніках, якія аб’ядноўвае агульны дэвіз фестывалю мастацтваў VIVAT VITA («Жывое мастацтва»), а таксама перыяд стварэння  — апошнія тры гады.

Для тых, хто жадаў больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй Мастацкай галерэі, падрыхтавана прэзентацыя, дзякуючы якой можна прасачыць шлях ад першых крокаў станаўлення ўстановы да сёння і пераканацца, што за чатыры дзесяцігоддзі галерэя набыла аўтарытэт і прызнана адной з лепшых у краіне.

У адкрыцці выставы бралі ўдзел старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык і яго намеснікі Наталля Шаранговіч і Андрэй Басалыга. Да шаноўных гасцей і прысутных звярнулася дарэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева. «У любой справе галоўнае —людзі. Менавіта яны стварылі ўсё, што мы маем. Зараз з гонарам можам сказаць, што ў нашай галерэі самая лепшая ў краіне калекцыя жывапісу ХХ стагоддзя», — зазначыла яна, выказаўшы падзяку ўсім, хто ўнёс уклад у стварэнне аўтарытэтнай і любімай многімі музейнай установы.

Узяўшы слова ў адказ, сталічныя госці адзначалі, што 40-годдзе полацкай Мастацкай галерэі — значная падзея не толькі для палачан, але і для мастацкай супольнасці краіны, і зычылі далейшых поспехаў установе і яе гаспадарам.

«Мастацтва жыве там, дзе ёсць людзі. Яно — камертон жыцця, якое віруе навокал. У экспазіцыі прадстаўлена лепшае, што стварылі беларускія мастакі за апошнія тры гады», — сказала Наталля Шаранговіч, дадаўшы, што далей выстава будзе падарожнічаць па іншых гарадах Беларусі, і вельмі важна, што свой шлях яна пачала менавіта з Полацка.

Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, аматары мастацтва задумаюцца пра філасофскія і сацыяльныя аспекты твораў, пераасэнсуюць важныя вехі ў нацыя­нальнай і сусветнай гісторыі, культуры, актуальных праблемах Сусвету і навакольнага асяроддзя.