Гісторыя аднаго экспаната. Спадчына ў малюнках

Главное Культура

Больш за 15 гадоў у экспазіцыі Краязнаўчага музея знаходзяцца 5 унікальных альбомаў полацкага краязнаўцы І.П.Дэйніса.

У іх можна знайсці 230 замалёвак старых будынкаў, фотарэпрадукцый і копій планаў горада рознага часу. Найбольшую цікавасць выклікаюць малюнкі І.П.Дэйніса, зробленыя простым алоўкам. Адны з іх маюць спасылкі на некаторыя вядомыя гістарычныя крыніцы, іншыя намаляваны з натуры або па памяці аўтара. Але ўсе яны — крыніца каштоўнай інфармацыі па гісторыі архітэктуры Полацка, бо дазваляюць атрымаць уяўленне пра тыя архітэктурныя аб’екты, якія змянілі свой выгляд за апошнія 100 гадоў або зніклі з карты горада.

Многія з іх былі разбураны падчас Вялікай Айчыннай вайны і больш не аднаўляліся. Гэта і царква Іаана Багаслова на месцы былога манастыра бернардзінцаў, і будынак першага гарадскога вучылішча, і памяшканне вакзала «Полацк-1» Рыга-Арлоўскай чыгункі. Пэўную ролю ў знікненні некаторых архітэктурных аб’ектаў адыграла і неаднаразо­вая рэканструкцыя гарадскіх плошчаў і вуліц, у ходзе якой да страчаных, але адлюстраваных у малюнках І.П.Дэйніса адносяцца пажарная каланча, першыя ў горадзе воданапорная вежа і радыётэлеграф, а таксама будынак гарадской управы.

На аснове працы археолагаў І.П.Дэйніс імкнуўся з дапамогай сваіх малюнкаў аднавіць і знешні выгляд вежаў Верхняга замка, і ўмацаванні Ніжняга, або Стралецкага, замка часоў Івана IV Грознага. Акрамя малюнкаў, І.П.Дэйнісам зроблены копіі некалькіх планаў цэнтральнай часткі горада з пералікам пабудоў, адпавядаючых па часе 1917 г., падрабязны план Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра па апісанні 1914 г., на якім адзначаны цэрквы, званіца, келлі, гасцініца, а таксама гаспадарчыя пабудовы — млын, пякарня, стайня і інш.

Альбомы з малюнкамі былі перададзены ў фонды НПГКМЗ самім Іванам Пятровічам Дэйнісам у першай палове 1980-х гг. Сёння яны не толькі прыцягваюць увагу наведвальнікаў Краязнаўчага музея, але і служаць асновай для напісання шматлікіх даследчых работ.

Пазнаёміўшыся з унікальнымі малюнкамі, вы зробіце шмат адкрыццяў і ўбачыце родны Полацк з нечаканага ракурсу.

Л.Б.ТРЫГОРЛАВА, вядучы навуковы супрацоўнік НПГКМЗ.

Фота Іллі ШВЯДКО.