Полацкі музей — кніжная скарбніца

Главное Культура

Полацк у чарговы раз пацвердзіў высокі статус першай культурнай сталіцы Беларусі.

Фота Іллі ШВЯДКО.

Бо менавіта тут, у Музеі беларускага кнігадрукавання, захоўваецца значная частка ўнікальных кніжных скарбаў краіны.

Супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прынялі ўдзел у прэзентацыі Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Беларусі, якая адбылася ў Нацыя­нальнай бібліятэцы ў Мінску.

Перад прысутнымі выступілі генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі і дырэктар па навуковай і выдавецкай дзейнасці ўстановы Алесь Суша, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Лапаціна і дырэктар НПГКМЗ Тамара Джумантаева.
Удзельнікі прэзентацыі абмеркавалі сучасны стан і перспектывы праекта, які ў нашай краіне рэалізуецца ўпершыню. Ён распрацаваны для ўліку і сістэматызацыі кніжнай спадчыны, якая захоўваецца ў кніжных зборах нашай краіны, прычым не толькі дзяржаўных, але і прыватных.

На сёння ў рэестр унесена інфармацыя пра больш чым 1000 кніжных помнікаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У перспектыве гэтая база будзе папаўняцца супрацоўнікамі ўстаноў краіны, у якіх захоўваюцца кніжныя помнікі, а таксама прыватнымі асобамі. Рэестр дапаможа не толькі ў іх уліку і захаванні, але і адкрые доступ да кніжных скарбаў шырокаму колу кнігалюбаў.

«Можна сказаць, што значная колькасць унікальных кніг знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Кожны жадаючы атрымае магчымасць, пазнаёміўшыся з рэестрам, які ўтрымлівае шмат інфармацыі, зразумець, як шмат у Беларусі скарбаў, або дзякуючы навігацыі даведацца пра месца знаходжання той ці іншай кнігі. У перспектыве выданні на папяровых носьбітах будуць адлічбаваны», — зазначыла Тамара Джумантаева.

Найбольш каштоўнымі экспанатамі Музея беларускага кнігадрукавання з’яўляюцца:

Кніга «12 прамоў» Джыралама Фалеці на лацінскай мове выйшла ў 1558 г. у Венецыі ў выдавецкім доме Альдаў, дзе ў свой час, як лічыцца, навучаўся друкарскай справе Францыск Скарына. Наша «альдзіна» — самая старая друкаваная кніга ў зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Кніга набыта ў 1989 г. у краме «Рарытэт» (г.Масква).

«Евангелле вучыцельнае» — зборнік павучанняў і тлумачэнняў евангельскіх тэкстаў. З’яўляецца найбольш каштоўным выданнем у кірылічным кнігазборы музея- запаведніка. Першапачаткова «Евангелле вучыцельнае» было надрукавана ў Заблудаўскай друкарні ў 1569 г. І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам. У Музеі беларускага кнігадрукавання знахо­дзіцца арыгінальнае выданне 1595 г., якое надрукавана ў Вільні братамі Мамонічамі. Кніга набыта ў 1989 г. у краме «Мосбуккнига» (г.Масква).

Кніга рукапісная «Рас­певы» (пасля 1789 г.) — стараверскі зборнік спеваў, запісаны так званымі «крукамі». Змяшчае знаменны спеў — асноўны спеў старажытнарускай манадыйнай музыкі ХІ–XVII стст., прызначаны для царкоўнага набажэнства. Кніга набыта ў прыватнай асобы.