На «Дажынкі» ў Шуміліна

Дажынкі-2021 Заботы сельские Люди

Па добрай беларускай традыцыі Шумілінскі раён заўтра сустрэне гасцей і ўдзельнікаў свята працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці «Дажынкі-2021».

У Шуміліна накіруецца і дэлегацыя Полацкага раёна на чале са старшынёй Полацкага райвыканкама Ігарам Марковічам. Нашы землякі паедуць на «Дажынкі-2021» у ліку пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, рапсу, нарыхтоўцы травяных кармоў у 2021 го­дзе. У намінацыі «Сярод раёнаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур» у другой групе Полацкі раён будзе ўзнагароджаны дыпломам і грашовай прэміяй за ІІ месца. У намінацыі «Сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы зерневых і зернебабовых культур» у другой групе ІІІ месца заняў філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» (дырэктар Аляксандр Калтуноў). У намінацыі «Сярод ва­дзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку зерня ад камбайнаў» у першай групе будзе ўзнагаро­джаны Мікалай Скарадзёнак, вадзіцель ААТ «Кушлікі». У намінацыі «Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых арганізацый» ІІІ месца заняў экіпаж з ААТ «Кушлікі» ў складзе Аляксандра Каросціка і Андрэя Гарнастая. Гэтыя хлебаробы на камбайне «Мега- 204» намалацілі 1202 тоны зерня.


Пра сёлетнюю ўборачную кампанію мы вялі гутарку з Мікалаем Баратынскім, намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама–начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні.


— Хлебны каравай Полаччыны сёлета важыць 28 400 тон, амбарная вага на 12 тысяч тон менш, чым у мінулым го­дзе, — адзначыў ён. —  Яравыя зерневыя не ўрадзілі з-за гарачага надвор’я. А вось азімыя культуры парадавалі: у сярэднім па раёне аддача хлебнай нівы была 30 цэнтнераў з гектара, на некаторых участках дасягала 40 і больш.

Полацкі раён поўнасцю выканаў дзяржзаказ: здалі 5600 тон пшаніцы, ячменю і жыта. Добры ўраджай ячменю ў параўнанні з іншымі гаспадаркамі вырасцілі спецыялісты філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга».

Уборачная кампанія прайшла хутка. Гаспадаркам не давялося запускаць сушылкі: на зернетаках вялася толькі сартыроўка, ураджай адразу адпраўлялі ў засекі і на камбінат хлебапрадуктаў.

Азімыя зерневыя і яравыя выро­шчваліся з захаваннем тэхналогіі: былі своечасова падсілкаваны і праведзена хімпраполка.

Прама ў полі заслужаныя ўзнагароды ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК за дасягненне тысячных намалотаў атрымалі экіпажы і ва­дзіцелі з некалькіх гаспадарак: камбайнеры Сяргей Гарбаценка і Ігар Данілкін, Пётр Карклінь і Аляксандр Маханёк, вадзіцель Сяргей Барысевіч з філіяла «Гараны-Агра»; камбайнеры Аляксандр Каросцік і Андрэй Гарнастай, Дзяніс Кулеш і Юрый Панчанка, вадзіцелі Мікалай Скарадзёнак, Алесь Хайдараў з ААТ «Кушлікі»; камбайнеры Аляксандр Галай і Сяргей Бараноўскі, вадзіцель Генадзь Даніленка з ААТ «Новыя Гараны»; вадзіцель Аляксандр Шамёнак з ДП «Астроўшчына»; вадзіцель Фёдар Пугачоў з УП «Палімір-агра».