Чым жыве сёння старэйшае літаратурнае аб’яднанне Полаччыны?

Культура

Гэтымі днямі свой 95-гадовы юбілей святкуе адна са старэйшых творчых суполак краіны — народнае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне».

Сваю гісторыю «Наддзвінне» адлічвае з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. У той час кіраўніцтва краіны актыўна праводзіла курс на беларусізацыю. Літаратары ішлі ў першых шэрагах: на гэтай хвалі ў Мінску з’явілася літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», у хуткім часе пачалі стварацца яго філіі ў абласных і раённых цэнтрах. Восенню 1925 года такая філія з’явілася і ў Полацку пры рэдакцыі акруговай газеты, якая на той час называлася «Полоцкий пахарь» (а з лютага 1926 года  — «Чырвоная Полаччына»). Кіраўніком філіі з’яўляўся Алесь Дудар. Першым вынікам дзейнасці літаратурнай суполкі стала выданне ў 1926 годзе альманаха «Наддзвінне», з выхадам якога і пачынаецца гісторыя літаб’яднання. У полацкай газеце з рознай перыядычнасцю стала выхо­дзіць аднайменная літаратурная старонка.

У полацкім літаб’яднанні рабілі свае першыя крокі ў далейшым вядомыя пісьменнікі Г.Бураўкін, В.Лукша, М.Барэйша, І.Стадольнік, Г.Кірылаў, Н.Гальпяровіч і многія іншыя.

У лютым 1958 года кіраўніком «Наддзвіння» стаў Валянцін Лукша, які працаваў у газеце «Сцяг камунізму». У 1964 годзе яго ўзначаліў Юрый Лыжын, у 1967 годзе — Уладзімір Ліхачоў, а летам 1968 года — Іван Стадольнік. На змену яму прыйшоў Міхась Барэйша, затым у 1992 годзе яго замяніў Юрась Касцюк, а з лютага 1994 года — Герман Кірылаў. У тым жа годзе «Наддзвінне» атрымала ганаровае званне «народнае». Пасля кіраўніком літаб’яднання стала паэтка Лера Сом, пад рэдакцыяй якой у 2004 годзе выйшаў трэці нумар альманаха «Наддзвінне». З 2006 года, калі кіраўніком аб’яднання стаў Мікалай Балдоўскі, быў узяты кірунак на выданне калектыўных зборнікаў і аўтарскіх кніг, рэгулярна выходзілі альманахі «Наддзвінне».

Пра сённяшнія здабыткі наддзвінцаў расказвае кіраўнік аб’яднання Валянціна ­Сопікава:

— Асноўнымі напрамкамі дзейнасці калектыву з’яўляюцца вывучэнне асноў тэорыі літаратурнай творчасці і папулярызацыя беларускай літаратуры, пошук маладых талентаў і дапамога ў іх станаўленні. Акрамя калектыўнага абмяркавання на пасяджэннях вядзецца індывідуальная работа з аўтарамі.

За апошнія гады актыўна выдаваліся аўтарскія зборнікі. Так, у 2017 годзе выдадзена 5 аўтарскіх кніг: В.Карасёва «Край, аблашчаны вятрамі», У.Куца «Захавала памяць дні», М.Балдоўскага «Избранное», Г.Загурскай «У месяцовым перламутры», Л.Міхайлавай «Меня природа мудрости учила…», у 2018-м — Ф.Фядотава «Пад паўночным сузор’ем…», А.Бясперстых «Третье дыхание», П.Буганава «Из тайн небесных родников…». У 2019 годзе выйшлі аўтарскія кнігі І.Еўдакімовіч «Сердцу в угоду», Г.Загурскай «Бераг зарападаў», В.Карасёва «Раскажу, што памятаю», Л.Міхайлавай «У поздней осени в плену», 5 кніг І.Багданавай з серыі «Наша дружная сям’я». У 2020 г. пабачылі свет кнігі-«блізняткі» Ірыны Багданавай «Что бы кто ни говорил» і «Хто б пра што ні гаварыў», В.Ледніка «Муза саксафаніста», Л.Міхайлавай «На скрыжаванні дарог». У гэтым годзе выйшлі ў свет дзве кнігі У.Тачылы «Под созвездием Льва …» і «И вчера, и сегодня, и завтра…». Плануюць выдаць свае кнігі і іншыя аўтары.
Творы наддзвінцаў публікуюцца ў газеце «Полацкі веснік», рэспубліканскім друку: у часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Гоман», «Алеся», газетах «ЛіМ» і іншых.

З 2019 года аб’яднанне працуе па праекце «Суладдзе»: выхаванне паэзіяй», мэта якога садзейнічанне ўстановам адукацыі Полаччыны па выхаванні рознабаковай і гарманічнай асобы навучэнцаў праз знаёмства з паэтамі і іх паэтычнымі творамі, далучэнне падрастаючага пакалення да свету культуры. Наддзвінцы актыўна ладзяць сустрэчы са студэнтамі Полацкага дзяржуніверсітэта, з навучэнцамі школ, гімназій, каледжаў, з чытачамі бібліятэк. Ведаюць іх і ў раёне.

Ужо пяты год ажыццяўляецца праект «Маладыя галасы, або Шукаем таленты» сярод навучэнцаў полацкага регіёна, у рамках якога сумесна з Полацкім раённым Цэнт­рам рамёстваў і нацыянальных культур пры падтрымцы Полацкага райвыканкама, РК БРСМ і газеты «Полацкі веснік» быў праведзены конкурс «Беларусь — мая ясная зорка». У конкурсе бралі ўдзел 56 аўтараў: школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты ПДУ, працоўная мо­ладзь, якія прысвяцілі свае творы Году народнага адзінства і 80-годдзю з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пастаянна выступаюць наддзвінцы перад жыхарамі і гасцямі горада ў рамках праекта «Стихи над городом» Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Час не стаіць на месцы, пра што сведчаць новыя формы зносін з чытачамі. Мы сталі практыкаваць тэматычныя выпускі інтэрнэт-форуму «Наддзвінне — live», такія, напрыклад, як «Наддзвінцы пра малую радзіму», «Вялікая Айчынная вайна ў творчасці наддзвінцаў» і іншыя.

Значнай з’явай у жыцці аб’яднання быў удзел наддзвінцаў у 2010 годзе у абласным свяце-конкурсе «Песняры Прыдзвінскага краю», у якім калектыў стаў лаўрэатам I ступені. Гэта быў плённы перыяд у творчай дзейнасці аб’яднання. З кастрычніка 2017 года «Наддзвіннем» кіруе Валянціна Сопікава.
 Падзеяй у гісторыі літаб’яднання з’явілася выданне ў 2011 го­дзе кнігі гісторыка, краязнаўцы і публіцыста Віктара Карасёва «Наддзвінне: ад пачатку да сёння», у якім ён прасачыў шлях развіцця аднаго са старэйшых згуртаванняў літаратараў Беларусі і абагульніў тое, што было зроблена. Па-ранейшаму прыцягваюць увагу чытачоў літаратурныя старонкі ў газеце «Полацкі веснік».

Творчым падарункам да юбілею лічым альманах «Наддзвінне-2020». Выхад у свет кнігі заўсёды свята, а тут  — 35 святаў адразу, бо менавіта столькі літаратараў прадстаўлена ў нашым паэтычным зборніку. Стварылі мы і святочны буклет да юбілею. І, вядома, галоўны падарунак для кожнага з літаратараў — творчыя поспехі.
Наша аб’яднанне зараз налічвае 28 удзельнікаў. У яго складзе 3 члены Саюза пісьменнікаў Беларусі: Галіна Загурская, Пётр Буганаў і Ірына Багданава; член Саюза пісьменнікаў Расіі Анатоль Бясперстых. Акрамя таго Анатоль Бясперстых, Пётр Буганаў і Ірына Багданава з’яўляюцца таксама сябрамі Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.

Сярод наддзвінцаў нямала лаўрэатаў літаратурных прэмій. У апошні час сябры «Наддзвіння» паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсах. Сёння мы годна працягваем лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў.

Сябрамі «Наддзвіння» ў розны час былі вядомыя беларускія літаратары. Заснавальнікамі суполкі сталі паэты  А.Дудар, А.Звонак, А.Александровіч, празаік Я.Скрыган. У перадваенны час заявілі пра сябе Э.Самуйлёнак, П.Броўка, Т.Хадкевіч, С.Сямашка. У гады Вялікай Айчыннай вайны мужна змагаліся з фашысцкімі захопнікамі і сябры літаб’яднання «Наддзвінне» — браты Сцяпан і Мікалай Сямашкі, П.Броўка, Т.Хадкевіч, С.Хурсік, А.Астрэйка, У.Яцкевіч, Т.Лясовіч, А.Савіцкі, У.Ліхачоў, Н.Ярмак і іншыя. А пасля вайны літаб’яднанне «Наддзвінне» і літаратурная старонка полацкай газеты адрадзіліся дзякуючы яго кіраўніку Алесю Савіцкаму, вядомаму беларускаму пісьменніку, лаўрэату дзяржпрэміі, ганароваму грамадзяніну Полацка.