Незвычайнае мерапрыемства прайшло ў Музеі беларускага кнігадрукавання

Культура

Як, што і на чым гатавалі палачане ў старажытнасці, расказаў падчас адкрытай лекцыі «Ежа з раскопа, або Якія харчы захоўвае ў сабе культурны пласт» Аляксей Коц, магістр гістарычных навук, старшы выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пазнавальную сустрэчу для дапытлівых палачан арганізаваў Музей беларускага кнігадрукавання.

— У нас з канца лістапада працуе новая выстава «Смачна есці!», прысвечаная ежы ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Мы вырашылі крыху паглыбіцца ў тэму і звярнуцца да самай рамантычнай з усіх спецыяльных гістарычных дысцыплін — археалогіі, — звярнулася да прысутных загадчык музея Славіна Гаўрылава.

Аляксей Коц, адзін з аўтараў кнігі «Полацкая кухня і яе традыцыі», распавёў гасцям, якім чынам археалогія даследуе кулінарныя традыцыі. Інфармацыя літаральна збіраецца па зярнятках.

— Арганічныя рэшткі прадуктаў харчавання, як правіла, утрымліваюцца ў так званым мокрым пласце глебы, які з-за вялікай колькасці вільгаці не прапускае кісларод і тым самым захоўвае такі каштоўны для археолагаў матэрыял, — патлумачыў лектар.

Прамыўка культурнага пласта дазваляе даследа­ваць нават асобныя зярняткі. У Полацку сабрана калекцыя насення збожжа, і апошнія раскопкі далі багаты матэрыял для вывучэння. А яшчэ палачане ўжывалі дастаткова многа арэхаў, у тым ліку і грэцкіх, пра гэта сведчаць шматлікія рэшткі шкарлупiння.

Што да ежы жывёльнага паходжання, то па знойдзеных археолагамі костках можна адзначыць: на полацкай зямлі ўжывалі мяса буйной рагатай жывёлы, а таксама свіней, дзікай жывёлы.

— Пры раскопках у Полацку косткі хатніх жывёл знаходзяць часцей, чым дзікіх. Акрамя таго, падчас археалагічных даследванняў на тэррыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра знойдзена каля 250 костак рыб, пераважная большасць належыць шчупакам, — зазначыў Аляксей Коц.

Пагаварылі і пра посуд, якім палачане карысталіся некалькі стагоддзяў таму. Ён, дарэчы, быў дастаткова разнастайным: і керамічны, і драўляны, і металічны.

Прысутныя актыўна ўключыліся ў абмеркаванне. Аказ­ваецца, супрацоўнікі Прыродна-экалагічная музея рабілі спробу прарасціць зерне, знойдзенае археолагамі, але эксперымент не даў выніку.
Тэма харчавання продкаў цікавая, але яшчэ ёсць моманты, над якімі даследчыкам трэба папрацаваць, каб скласці поўную карціну кулінарных традыцый старажытных палачан.

Падрабязна гісторык спыніўся на тэме захавання ежы, расказаў пра падпольныя канструкцыі ў дамах, падземныя рубленыя склепы, зробленыя з цэглы, пра дзежкі, канструкцыю печы, на якой гатаваліся розныя стравы, у тым ліку і хлеб. 
 
Закрануў і тэму старажытнага імпарту, распавёўшы пра прывазныя соль і віно ў амфарах, якія, дарэчы, потым выкарыстоўваліся для захавання іншых прадуктаў.