У гаспадарках Полацкага раёна — падрыхтоўка да пасяўной кампаніі

Заботы сельские

Пакуль снег упрыгожвае зямлю белым покрывам, але неўзабаве прыйдзе вясна і пакліча трактары ў поле.

Пра хуткі пачатак пасяўной кампаніі ўжо думаюць спецыялісты сельскай гаспадаркі, вядуць падрыхтоўку тэхнікі, якая будзе задзейнічана на вясенне-палявых работах. Руку на пульсе ў гэтым пытанні трымае Аляксей Мацвееў, намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытвочасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама. Аляксей Пятровіч што­дзень маніторыць сітуацыю, наведвае мехмайстэрні, дапамагае вырашаць пытанні з рамонтам тэхнікі кіраўнікам і інжынерам гаспадарак.

— На сённяшні дзень гатоўнасць тэхнікі прыкладна 83%, — распавядае Аляксей Мацвееў і ўдакладняе: — у першую чаргу вядуцца рамонты энерганасычанай і шыроказахватнай тэхнікі, рамантуюцца плугі, бароны, культыватары. У Верхнядзвінскім райаграсервісе знаходзяцца на рамонце два трактары «Беларус 3022», якія належаць ААТ «Полацкі аграсервіс» і УП «Блізніца».

Якім чынам рамантуецца тэхніка? Заказаць неабходныя запчасткі — абавязак інжынераў гаспадарак, афармляе закупкі бухгалтар ці эканаміст, а рамонтныя работы выконваюць звенні ў складзе механізатараў, слесараў і зваршчыкаў.

Да 1 сакавіка ўся сельскагаспадарчая тэхніка павінна быць гатовая да вясенне-палявых работ. З гэтай даты ў Полацкім раёне пачнуцца традыцыйныя тэхнічныя агляды.

— Шэраг гаспадарак, якія маюць уласныя сродкі, — УП «Палімір-­агра», філіял «Вясна-энерга», УП «П-С Карпекі» — рамантуюць тэхніку па меры неабходнасці. За захаванне трактараў і іншых механізмаў у спраўным стане кіраўнікі, спецыялісты гэтых гаспадарак і рамонтныя звенні заслугоўваюць падзяку, — адзначыў Аляксей Мацвееў.

У гаспадарках Полацкага раёна маецца 51 энерганасычаны трактар. Шырокім фронтам да палявых работ прыступяць 79 плугоў, 18 камбініраваных агрэгатаў, 26 зерневых сеялак, іншая тэхніка. 
На рамонт сельгастэхнікі сёлета неабходна накіраваць 900 тысяч рублёў. Пачынаючы з лістапада каля 325 тысяч ужо выдаткавалі на запчасткі самі гаспадаркі. Моцнае плячо аграрыям падставіў раённы бюджэт: на бягучым тыдні пачнецца асваенне выдзеленых 400 тысяч рублёў. На рамонтныя прадпрыемствы вобласці накіраваў больш за 300 тысяч рублёў Віцебскі аблвыканкам. Гэтымі сродкамі пагасіцца запазычанасць сельгаспрадпрыемстваў за рамонт, у тым ліку і Полацкага раёна.