Навум Гальпяровіч: «На дзесяць год полацкая газета стала для меня родным домам»

Калейдоскоп Люди

Не мог уявіць, што той дзень 1967 года стане вызначальным у маім лёсе, пачаўшы адлік будучай прафесіі, якой служу ўжо больш за пяцьдзесят гадоў.

Мяне толькі што перавялі з бракамерыльнага цэха завода шкловалакна, дзе працаваў транспарціроўшчыкам, у вучні намотчыка шклопласткавай тканіны ў цэх, які тады ўзначальваў будучы дырэктар прадпрыемства Якаў Барысаў, і разам з многімі завадчанамі адправілі ў «працоўны дэсант» па добраўпарадкаванні парка ля Кургана Бессмяротнасці. Мы раўнялі дарожкі, высаджвалі маладыя дрэўцы. І вось аднойчы на нашу пляцоўку на беразе Дзвіны пры­ехаў мой аднарукі бацька.

— Цябе з рэдакцыі газеты шукаюць. Прасілі тэрмінова прыйсці да рэдактара, — сказаў ён.

Полацкую газету «Сцяг камунізма» я чытаў рэгулярна з дзевятага класа. Нават паспеў напісаць туды некалькі заметак. Асабліва мяне цікавіла літстаронка «Наддзвінне» з вершамі Валянціна Лукшы, Славаміра Хадаронка, Івана Стадольніка, Бэлы Аронінай. Мы нават з сябрамі Сашам Канавалавым і Валодзем Варпаховічам пабывалі на некалькіх пасяджаннях літаб’яднання.

На дзесяць год газета стала для мяне родным домам. Працуючы ў карэктарскай, я ў дзень нявыхаду нумара пісаў рэпартажы, замалёўкі, інфармацыі і неўзабаве быў пераведзены ў старшыя літсупрацоўнікі. Гэта па наменклатурнай пасадзе. А ў рэальнасці — загадчыкам аддзела культуры, якім раней быў Алесь Савіцкі. 

Я звярнуўся да брыга­дзіра і папрасіў адпусціць мяне з’ездзіць у рэдакцыю.

І вось я ў кабінеце рэдактара Івана Фёдаравіча Лемеша. «Ведаеш, што такое карэктар? — спытаў суровага выгляду рэдактар і растлумачыў, што трэба вычытваць нумары і папраўляць памылкі. — Як з мовай?»  Атрымаўшы адказ, што нармальна, сказаў: «Можна афармляцца на працу ў газету».

Я быў на сёмым небе ад шчасця, бо ў свае 19 гадоў пайсці на працу ў газету — сапраўды «зорны дарунак».

Побач з маім месціліся рабочыя сталы Рыгора Майсеевіча Голанда і Вольгі Мікітаўны Жарчанкі. Гэта былі вопытныя журналісты, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Сябрамі і аднадумцамі сталі Іван Стадольнік, Герман Кірылаў, Канстанцін Жарнасек.

Дарогамі вайны прайшлі журналісты Іван Фёдаравіч Лемеш, Фаіна Барысаўна Фейгіна, На­дзея Маркаўна Картавенка. Для мяне гэта былі легендарныя людзі, у якіх я браў не толькі прафесійныя, але і жыццёвыя ўрокі. Як і ў маёй першай супрацоўніцы па карэктарскім цэху Вольгі Антонаўны Шчэрбы.

Праца ў «Сцягу камунізма» навучыла мяне не толькі прафесіі, яна стала падмуркам усёй маёй творчай дзейнасці на многія гады. І пазней, дзе б я ні працаваў, заўсёды імкнуўся завітаць у родную газету, сустрэцца з былымі калегамі, новымі супрацоўнікамі.

Я шчаслівы, што падтрымаў і прадоўжыў славу маіх папярэднікаў Петруся Броўкі, Алеся Савіцкага, маіх сучаснікаў Германа Кірылава, Івана Стадольніка, Міхася Барэйшы, Юрася Касцюка.
Любы горад і родная газета жывуць у маіх творах, у цёп­лых успамінах, у маім ­сэрцы.