У полацкай бібліятэкі імя Л.Талстога-філіял №1 прайшоў Тыдзень дзіцячай кнігі

Культура Молодежь

Штогод дзіцячая бібліятэка імя Л.Талстога — філіял №1 праводзіць урачыстае адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі, узнагароджвае лепшых чытачоў па выніках года, арганізоўвае шматлікія майстар-класы, конкурсы і гульні. Гэты год не стаў выключэннем.

-Сёлета традыцыйныя мерапрыемствы прысвяцілі юбілею беларускага дзіцячага часопіса «Вясёлка», які адзначае 65-годдзе, — дзеліцца Вольга Бандарэнка, загадчык бібліятэкі.

Для вучняў СШ №10 імя Ул.М.Азіна супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі сапраўднае свята — на мерапрыемства да іх завіталі Вася Вясёлкін і сам часопіс «Вясёлка». Дзеці чыталі вершы, адгадвалі загадкі і паліндромы, складалі тэматычныя пазлы, успаміналі аўтараў, якія друкаваліся на старонках часопіса. Акрамя таго спрабавалі сябе ў ролі бібліятэкараў.

Вольга Бандарэнка, загадчык дзіцячай бібліятэкі імя Л.Талстога-філіяла №1:
 — Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі завяршае бібліятэчны год, падводзіць вынікі дзейнасці бібліятэкі і дае старт новым пачынанням. Гэта свята дзяцінства, пісьменнікаў, выдаўцоў, бібліятэкараў і ўсіх, хто любіць чытаць.

Завяршылася свята ўзнагароджваннем лепшых чытачоў па выніках 2021 года, якія на працягу года актыўна наведвалі бібліятэку, чыталі кнігі, удзельнічалі ў конкурсах. У намінацыі «Самы актыўны чытач» пераможцамі сталі Дзяніс Капусцін, Раман Ляснічы, Анастасія Карповіч, Лізавета Баброўскіх, Улляна Дашкевіч, Сафія Харкова, Канстанцін Андрукоў. «Самым юным чытачом» стаў чатырохгадовы Мірон Агеенка. Ён не толькі любіць слухаць гісторыі і казкі, але і, нягледзячы на свой узрост, ужо ўмее чытаць сам. У намінацыі «Сям’я, якая найбольш чытае» лепшымі сталі Міхаіл і Вераніка Макеенкі. Дзецям уручылі дыпломы, кнігі і салодкія падарункі і пажадалі, каб у іх заўсёды быў час для чытання і кожны знаходзіў тое, што трэба сэрцу.