На Полаччыне пачалася веснавая палявая кампанія

Важное Заботы сельские

Да прыродных анамалій аграрыі прывыклі. І тое, што ў красавіку пайшоў снег, пад уплывам нізкіх тэмператур у начны час верхні слой глебы падмярзае і пакуль рана пачынаць сяўбу яравых культур, таксама не навіна.

Наталля Крывец (на фота злева), намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама з галоўным аграномам ААТ «Новыя Гараны» Людмілай Герасімёнак.

Розныя вёсны на сваім вяку бачыла і Наталля Крывец, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама. Сёлетнюю вясну яна называе складанай. З-за халоднага красавіцкага надвор’я, якое не дазваляе праманіторыць зімоўку азімых зерневых культур, з-за іншых пытанняў.

— Знаходзімся ў рэжыме гатоўнасці да пачатку веснавой сяўбы, — расказвае ­Н.А.Крывец і ўдакладняе: — сітуацыя па гаспадарках Полацкага раёна бачная як на далоні падчас селектарных нарад, якія пачынаюцца штодзень а 7 гадзіне раніцы.

Кіраўніцтва раёна і ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама штодзённа ставіць перад аграрыямі задачы, тлумачыць нарматывы і збірае пытанні ад кіраўнікоў гаспадарак. За сёлетнюю веснавую сяўбу ў Полацкім раёне адказваюць маладыя кіраўнікі гаспадарак, новыя аграномы. Ім патрэбны ўвага, кансультацыі, дапамога. Таму штодзень бываюць на палях і фермах старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай Баратынскі, яго намеснік Наталля Крывец.
Насеннем яравых зерневых культур раён забяспечаны на 124%. Вырашаюцца апошнія пытанні з набыццём насення кукурузы. Закупілі рапс і сродкі аховы праз Віцебскі МЭЗ.

Разам з Наталляй Крывец едзем у ААТ «Новыя Гараны». У гэтай гаспадарцы працуюць маладыя дырэктар і галоўны аграном. Наталля Аляксандраўна гатовая даваць ім слушныя парады дзеля дасягнення добрых вынікаў у працы.

Якія задачы стаяць на веснавую палявую кампанію? Плошча яравой сяўбы складзе 13 526 га. Восенню зроблены добры задзел: узнята 10 523 га ворыва на зябліва. Засталося 3003 га веснавога ворыва.

Нас сустракае ва ўрочышчы Шчарбакова Гара галоўны аграном Людміла Герасімёнак. Спецыяліст кантралюе, як на полі ўносіцца арганіка пад кукурузу.

Для Людмілы Вітальеўны сёлетняя вясна — першая ў працоўнай біяграфіі на новай пасадзе. Жанчына хвалюецца, разумее высокую адказнасць, імкнецца кантраляваць кожны этап працы на полі. Але ў сельскай гаспадарцы яна не навічок. У ААТ «Новыя Гараны» ўладкавалася ў 2006 годзе. Працавала брыгадзірам, адказвала за складскія памяшканні, паляводчую брыгаду, а ў перыяд уборкі ўраджаю — за сушку зерня, перапрацоўку. Калі ёй, аграному па адукацыі, прапанавалі ўзяць на сябе больш абавязкаў, згадзілася не адразу. Падтрымаў і падштурхнуў да прыняцця рашэння муж Алег: «Камусьці трэба працаваць. Хто гэта зробіць, калі не мы?» Сам Алег Герасімёнак працуе вадзіцелем на малакавозе. Разам з жонкай яны выхавалі двух сыноў: Арцём служыць у арміі, Кірыл вучыцца ў школе.

Мы гутарым пра тое, што цяперашняя пара для аграномаў самая хвалюючая. Трэба ўносіць угнаенні, уключыцца ў сяўбу.

— Належыць засеяць яравымі зерневымі 325 га, 200 га кукурузай, 110 рапсам, — расказвае Людміла Герасімёнак. — Зараз уносім арганіку пад кукурузу, падсілкоўваем азімыя зерневыя азотам, уносім хлорысты калій. Угнаенні ёсць, і насенне на сяўбу — таксама. Адрамантаваная сеялка чакае свайго часу. Спрабавалі сёння араць, але зямля яшчэ мёрзлая.

Пакуль гутарым, прывезлі абед у поле для механізатараў. Апетыт на свежым паветры ў мужчын адменны. Смачную ежу для іх гатуюць у прыватным кафэ.

Знаёмімся. Адзін з механізатараў Васіль Шчарбак — тутэйшы, з ААТ «Новыя Гараны». Астатнія прыехалі ў аграгарадок у розныя часы з іншых месцаў. Працаўнікам цікава размаўляць з Наталляй Крывец. Вопытны аграном распавядае, што зерне — базавы паказчык харчовай бяс­пекі краіны. Прэзідэнт Беларусі сёлета паставіў задачу атрымаць 9 мільёнаў тон зерня. Задача для Віцебскай вобласці — 1,2 мільёна тон, для Полацкага раёна — 35 тысяч тон. Лічбы вялікія, і для іх дасягнення неабходна кожнаму на сваім працоўным месцы зрабіць магчымае і нават больш. І яравыя лягуць у глебу, як толькі наступяць аптымальныя тэрміны, будзе спрыяльнай тэмпература.
Пакуль сельгаспрадпрыемствы Полацкага раёна заняты падрыхтоўкай да сяўбы. Арганіку ўносяць ААТ «Новыя Гараны», філіял «Вясна-­энерга» РУП «Віцебскэнерга», УП «Полацк-Мілк», ААТ «Кушлікі» і філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў».