Жніво зерневых каласавых у Полацкім раёне амаль завершана. Перадавікі гарачай пары прымаюць віншаванні

Заботы сельские

Тысяча тон залатога зерня. Шмат гэта? Калі вымяраць 5-тоннымі бункерамі камбайнаў, іх трэба намалаціць каля 200. А кузавы аўтамабіляў і прычэпы трактараў, якія ўмяшчаюць у сярэднім 10 тон, неабходна запоўніць зернем 100 разоў…

Сяргей Гарбаценка і Ігар Данілкін.

Вось такімі лічбамі вымяраецца поспех пераможцаў жніва — тысячнікаў. Сярод складальнікаў поспеху іх высокі прафесіяналізм, адказнасць, дысцыпліна і вялікае жаданне якасна і своечасова ўбраць хлеб.

На бягучым тыдні словы падзякі гучалі ў адрас камбайнераў і перавозчыкаў зерня, якім пакарыўся 1000-тонны і 2000-тонны рубяжы.

Другі раз на сёлетнім жніве — ужо з нагоды двухтысячнага намалоту — прымалі віншаванні камбайнеры з сельгаспрадпрыемства «Гараны-Агра» Сяргей Гарбаценка і Ігар Данілкін. На камбайне New Holland бацька з сынам узялі чарговую працоўную вышыню. З гэтай значнай для гаспадаркі і ўсяго Полацкага раёна па­дзеяй працавітых мужчын віншавалі старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі і дырэктар гаспадаркі Яўген Блохаў. У 2022 годзе на палетках сельгаспрадпрыемства «Гараны-Агра» вырашчаны багаты ўраджай зерневых. Гарачае надвор’е на працягу трох тыдняў спрыяла яго ўборцы.

Яшчэ адзін перадавік — вадзіцель Віктар Капыценка,  «круціць баранку» 35 гадоў. На прадпрыемстве «Полацкі малочны камбінат» працуе 10 год, з задавальненнем удзельнічае ў гарачай уборачнай кампаніі. Сёлета на сваім аўтамабілі «МАЗ» дастаўляў зерне з поля на сушылку, на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Працаваў, як і яго калегі, у розных раёнах Віцебшчыны — у гаспадарках, якія ўваходзяць у інтэграваную структуру. Шчыра радаваўся віншаванням, падарункам, увазе з боку прафкама і кіраўніцтва ААТ «Полацкі малочны камбінат».
Пётр Валынец.

Двухтысячнага намалоту дасягнуў на бягучым тыдні і ўдзельнік жніва Пётр Валынец з Полацкай інтэграванай структуры, камбайнер УП «Добрынскае». Мы напаткалі гэтага перадавіка, які ўвесь сезон працаваў без памочніка, за працай у Міёрскім раёне, у сельгаспрадпрыемстве «Цітова». На сваім жалезным кані New Holland працаўніку давялося ўбіраць зерневыя спачатку ў Расонскім раёне, потым на палетках КУП «Захарнічы» Полацкага раёна, ва Ушацкім раёне, у сельгаспрадпрыемстве «Полацк-Мілк» Полацкага раёна, завяршае ўборку ў Міёрскім раёне. Пётр усю ўборачную кампанію быў у доб­рым настроі. Ураджай-2022 яго парадаваў, на пшанічных палях Ушацкага раёна сустракаліся ўчасткі з ураджайнасцю 90 ц/га, на палетках Полацкага раёна аддача хлебнай нівы дасягала 60 ц/га, добры ўраджай прадэманстравала і жыта сор­ту «Афелія» ў Міёрскім раёне. Камбайнер выказваў задаволенасць, што на працягу шэрагу гадоў, у тым ліку некалькіх сезонаў на камбайне New Holland з 12-мятровай жаткай, уносіць уклад у харчовую бяспеку краіны. Пасля ўборачнай жыхар г.Полацка перася­­д­­зе за руль свайго малакавоза і вернецца да прывычных дзён. Павіншаваць перадавіка з двухтысячным намалотам, уручыць яму духмяны хлебны каравай і падарункі прыехалі галоўны аграном УП «Добрынскае» (былы сельгасаддзел ААТ «Полацкі малочны камбінат») Валерый Бумажэнка і старшыня прафкама ААТ «Полацкі малочны камбінат» Таццяна Акімава. Яны зычылі хлебаробу моцнага здароўя.

Таццяна Акімава, Віктар Капыценка, Валерый Бумажэнка.
За высокія вынікі на ўборцы ўраджаю таксама  ўшанавалі вадзіцеляў, якія адвозілі зерне ад камбайнаў. Словы падзякі гучалі ў адрас трактарыста УП «Добрынскае» Ула­дзіслава Байкова, які на трактары «МТЗ-1221» з 10-тонным прычэпам «ПСТ-12» перавёз 1000 тон зерня. Курсіраваў з поля на сушылку, імкнуўся працаваць хутка. «Жыву ў Полацку, штодзень на транспарце ААТ «Полацкі малочны камбінат» прыязджаю ў Міёрскі раён. Сваю працу вельмі люб­лю», — адзначыў пераможца.

Кожная сустрэча з перадавікамі дорыць пазітыўныя эмоцыі. Падкупляе сціпласць хлебаробаў, якія штодзень здзяйсняюць працоўныя по­дз­вігі, а ганарыцца імі саромеюцца.

Пра сустрэчы з іншымі перадавікамі-тысячнікамі, якія адбыліся на бягучым тыдні, чытайце ў наступных нумарах нашай газеты.