На Полаччыне працягваецца нарыхтоўка кармоў

Заботы сельские

Здаўна вядомая прымаўка «Хто кукурузу сее — той багацее» актуальная і сёння. Гаспадаркі Полацкага раёна, якія паспяхова вырошчваюць гэту культуру, маюць больш кармоў і забяспечваюць сытную зімоўку жывёле.

Царыца палёў (так называюць кукурузу) на палетках гаспадарак раёна займае 4175 га. Спадзяванні на добры корм з кукурузы ёсць і ў працаўнікоў УП «Палімір-­агра», хоць гэта гаспадарка ўжо з’яўляецца лідарам у Полацкім раёне па колькасці нарыхтаваных кармоў.


Ва ўрочышчы Лучна мы напаткалі за працай трактарыста УП «Палімір-агра» Антона Храмцова, які на камбайне ўбіраў кукурузу. «Плошча тут 93 га, гэта ўжо трэцяе поле. Ураджай убіраць трэба хутка, імкнемся захоўваць тэхналогію, дадаем у сілас кансервант», — расказаў трактарыст. Ён да працы на зямлі прывычны.

На малой радзіме ў Шумілінскім раёне яго бацька быў механізатарам, Антон цікавіўся сельскагас­падарчай тэхнікай з дзяцінства. Скончыў Ульскі ліцэй сельгасвытворчасці, атрымаў прафесіі вадзіцеля, трактарыста. Працоўны дзень пачынае ў 7 гадзін раніцы, заканчвае позна вечарам. «Час бяжыць незаўважна, чым больш зробіш за дзень — тым настрой лепш», — падсумаваў працаўнік. На адвозцы зялёнага корму шэфскую дапамогу ад ААТ «Нафтан» гаспадарцы аказвае Сяргей Пеккараў. Мужчына задаволены працай на зямлі, створанай у калектыве атмасферай, заробкам і гарачым харчаваннем, якое прывозяць прама ў поле.

Галоўны аграном гаспадаркі Іна Ванславовіч, якая ў полі кантралюе ход уборкі ўраджаю, адзначыла: «Імкнуліся вырасціць добрую кукурузу, каб корм пайшоў на карысць нашай жывёле».

На трамбоўцы зялёнай масы заняты вопытны працаўнік  Сяргей Рэва. «Усе горы корму па ўсёй гаспадарцы зрабіў сам»,  — расказаў мужчына, якому па ўзросце ўжо сёмы дзясятак, а працуе хутка і якасна на зайздрасць маладзейшым калегам. Сяргей Іванавіч у гаспадарцы старажыл, уладкаваўся вадзіцелем у 1992-м. Дваццаць гадоў працуе на трактары, чацвёрты — на пагрузчыку «Амкадор». Трамбуе штодзень па 12 гадзін. Машыны на выгрузку прыязджаюць часта (на адвозцы ад двух камбайнаў —  9 адзінак тэхнікі). Пасля апошняга рэйсу трамбоўка ідзе паўтары гадзіны, на ноч яма закрываецца вакуумнай плёнкай для захавання сіласу ад лішніх вільгаці і паветра.