Старэйшынай вёсак Бабынічы, Быстрыца і Вуглы Раіса Казачонак з,яўляецца ўжо больш за 15 гадоў. Яе галоўнае жаданне — каб у вёсцы паляпшалася жыццё. Тым больш, што жывуць тут у асноўным сталыя людзі. І як старэйшына яна робіць для гэтага ўсё магчымае.

Яшчэ нядаўна аўтобуснага прыпынку ў в.Быстрыца з-за кустоўя і бачна не было, знік і расклад руху аўтобуса. Нават былі выпадкі, калі транспарт не спыняўся тут. Звярнулася Раіса Канстанцінаўна да старшыні сельвыканкама Святланы Дукшынскай. Літаральна праз два дні прыпынак прывялі ў парадак, а мясцовыя ўмельцы зрабілі і ўсталявалі лаўку. «Зноў хачу звярнуцца да Святланы Пятроўны за дапамогай, — паведала Раіса Канстанцінаўна. — Вяскоўцы просяць прадоўжыць маршрут аўтобуса Полацк-Бабынічы, які ходзіць па панядзелках і чацвяргах, да в.Вуглы. Тым больш, што дарогу асфальтавалі і да вёскі невялікая адлегласць. Жыхарам будзе больш зручна». Баліць душа ў жанчыны і за суседа, інваліда ІІ групы («дапамагаю яму»), і за аматараў спіртнога («ганяю выпівак»). Калі што здарыцца, жыхары Быстрыцы бягуць да старэйшыны, а з Бабыніч і
Вуглоў ёй тэлефануюць. Ведаюць — без дапамогі не застануцца.









