Ці чулі вы пра летнюю раскошу? Пабываўшы на бягучым тыдні на пашы ААТ «Новыя Гараны», мы знайшлі адказ на гэтае пытанне: так можна назваць атмасферу, якая зараз, у ліпеньскую пару, пануе ў полі.
Мы з цікавасцю назіралі, з якім задавальненнем 220 рагуль (180 з іх — дойныя) з фермы «Шацілава» спажываюць канюшыну.
— Каровы, і асабліва маладняк (у статку знаходзяцца чацвёра цялят), на прыродзе добра сябе адчуваюць, ад натуральнай ежы крапчэюць, узмацняецца іх імунітэт, яны становяцца больш вынослівымі. Безумоўна, адной травы, солі і вады недастаткова для высокіх надояў малака, рацыён жывёл мы дапаўняем камбікормам, але ўсё роўна сонейка і свежае паветра ўплываюць і на вытворчыя паказчыкі. Па гэтым статку сярэдні ўдой на карову — 18 кілаграмаў малака, — адзначыла галоўны заатэхнік гаспадаркі Аксана Каралевіч.

Яна ў сельскай гаспадарцы — не навічок. У маленстве прыбягала на ферму да маці, якая працавала даяркай. Яе бацька — Генадзь Даніленка — таксама ўсё жыццё да пенсіі і на заслужаным адпачынку працаваў вадзіцелем у «Новых Гаранах». Можна сказаць, дачка пайшла па слядах бацькоў. Пасля заканчэння школы яна ўладкавалася ў мясцовы калгас, развозіла абеды ўдзельнікам палявых работ. А потым 15 гадоў сачыла за якасцю малака ў лабараторыі гаспадаркі. Цяпер на новай пасадзе выкарыстоўвае свае веды і вопыт дзеля павышэння надояў.
— Гэта адразу пасля дажджу тут такая лагодная атмасфера, цішыню парушаюць толькі галасы птушак, каровы добра скубуць траву, — уступіў у размову пастух Ілля Рубанік. — Калі ідзе лівень, яны стаяць, а ў спякоту з аваднямі жывёлы неспакойныя. Я стараюся іх своечасова пераганяць, за суткі мяняю некалькі загонаў.

— Нядаўна валавы надой нашай гаспадаркі быў 14,5 тоны малака за месяц, зараз, з-за неспрыяльнага надвор’я, зменшыўся. Дойка ў нас — двухразовая, па гэтым статку сярэдні сутачны ўдой на карову — 18,5 кілаграма каштоўнага прадукту. Хочацца захаваць якасць малака, і каб таварнасць была высокая, — патлумачыла спецыяліст.
Фотаздымак гэтага пастуха ўпрыгожвае Дошку гонару гаспадаркі. Ён не толькі адказны працаўнік, але і добры муж для сваёй жонкі Дар’і і бацька для нованароджанага сына Валодзі. Малады мужчына раней працаваў вадзіцелем, а потым прыняў прапанову дырэктара гаспадаркі перайсці ў пастухі. Чацвёрты год ён назірае за жывёламі, ужо навучыўся іх разумець, вызначаць хворых, якіх трэба пакрываць. Ён здольны аказаць дапамогу ветурачам падчас ацёлаў, перад дойкай заўсёды рыхтуе для даярак кіпень, для кароў — камбікорм, соль, пітную ваду. Праца на прыродзе яму даспадобы, але і сваю адказнасць пастух добра разумее.
— Пра тое, што мая праца зусім простая, можа сказаць чалавек, які ні разу не быў у полі, — разважаў суразмоўца. — Трэба ўмець абыходзіцца з абсталяваннем для выпасу, ведаць, калі неабходна пераганяць жывёлу і як з ёй сябраваць. Каб быць аднаму ў полі са статкам двое сутак запар, з начоўкамі, — трэба быць упэўненым у сваіх сілах, падрыхтавацца!

Аксана Каралевіч згодная з тым, што для атрымання высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі, безумоўна, неабходна захоўваць тэхналогіі на кожным этапе. Яна глыбока ўнікае ў справу, якой займаецца, удзячная за слушныя парады вопытным жывёлаводам. На яе думку, важным фактарам у дасягненні поспехаў з’яўляецца чалавек — той, хто прыйшоў на працу даглядаць жывёлу. З якім ён прыйшоў настроем, ці здольны зрабіць усё, што ад яго залежыць. У іх гаспадарцы працуе зладжаная каманда, якой па плячы выкананне пастаўленых задач.
— Загадчыкі нашымі фермамі — Дыяна Васіленка, Валянціна Свярдлова і Алена Капыценка — усе адказныя, душой хварэюць за справу. Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Стукан заўсёды ідзе нам насустрач, — адзначыла Аксана Каралевіч.
Фота Маргарыты БАРАНОК.









