Да Новага года старанна рыхтаваліся ўсе: прадпрыемствы, арганізацыі, установы… Вокны будынкаў упрыгожаны сняжынкамі, гірляндамі, неад’емнай часткай урачыстасці становіцца навагодняя ёлка — сімвал утульнасці і хатняга цяпла. Праходзяць дабрачынныя акцыі «Нашы дзеці», «Ад усёй душы».

Для ветэранаў педагагічнай працы ў Полацкім раённым Цэнтры культуры прайшло цікавае навагодняе мерапрыемства.
Свята пачалося з прывітання гасцей. Яны разам з казачным персанажам Ёлкай удзельнічалі ў гульнях, танцах, спявалі песні, прыпеўкі, адгадвалі зімовыя загадкі, расказвалі пра сямейныя традыцыі сустрэчы Новага года. На свята прыйшлі Дзед Мароз і Снягурка. Яны павіншавалі ўсіх з Новым годам, павадзілі вясёлыя карагоды, пачаставалі салодкімі падарункамі.
Менавіта на гэта свята прынята загадваць запаветнае жаданне і будаваць новыя планы. Як і дзеці, мы таксама напісалі ліст Дзеду Марозу, пакінулі віншаванні-пажаданні на навагодняй ёлцы з надзеяй, што яны абавязкова спраўдзяцца. Безумоўна, Дзядуля Мароз абяцаў выканаць задуманае намі. Але часта выдатнымі чараўнікамі становімся мы самі, бо ўсмешка, цеплыня і падтрымка ствараюць самыя сапраўдныя цуды!
На сустрэчы панавала асаблівая атмасфера. Менавіта сярод сяброў, блізкіх людзей нараджаецца адчуванне сапраўднага свята, якое сагравае душу.
Іна ЛАКОМСКАЯ,
ветэран педагагічнай працы (тэкст і фота)









