Лідзія Піскун, член народнага літаратурнага аб’яднання «Полоцкая ветвь», прэзентавала сваю новую кнігу «Повесть о Дэфинбэкере и его друзьях».

Мерапрыемства прайшло ў Дзіцячай бібліятэцы імя Л.М.Талстога, а яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы 4-х класаў СШ №10 імя У.М.Азіна.
Сустрэча пачалася з захапляльнай гутаркі аўтара і дзяцей. Яны паразважалі пра ролю гаджэтаў і кніг у сучасным жыцці. Пасля Лідзія Рыгораўна пазнаёміла дзяўчынак і хлопчыкаў з захапляльным жыццём галоўнага героя новай кнігі — катом з мянушкай Дэфінбэкер, з яго лепшымі сябрамі — вучнямі шостага класа. Разам яны трапляюць у самыя неверагодныя, смешныя і часам небяспечныя гісторыі, з якіх заўсёды знаходзяць выхад, дзякуючы сяброўству, кемлівасці і добраму сэрцу.
Лідзія Піскун з цеплынёй апісвала прыгоды Дэфінбэкера — незвычайнага ката, які не проста хатняя жывёла, а сапраўдны лідар невялікай каманды сяброў. Дзеці, затаіўшы дыханне, а недзе з усмешкай, слухалі пра яго прыгоды. Лідзія Рыгораўна падчас прэзентацыі адзначыла, што пісала гэтую аповесць з асаблівай любоўю і спадзяецца, што кніга дапаможа юным чытачам убачыць свет з новага боку, навучыць іх шанаваць сяброўства, смеласць і дабрыню.
Адзін экзэмпляр аповесці аўтар падарыла Дзіцячай бібліятэцы імя Л.М.Талстога.
Сустрэча натхніла хлопчыкаў і дзяўчынак, што яны самі пачалі дзяліцца сваёй творчасцю. Дзеці чыталі вершы пра вайну, апавяданні пра бяспеку і жыццё сваіх хатніх жывёл.









