Вельмі рады ўдзельнікі калектыву «Наддзвінне» за сваю былую калегу па пяру, а дакладней, і сёння «нашу» Надзею Стэфанаўну Салодкую, якая напрыканцы 2025 года ў другі раз атрымала абласную літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі ў намінацыі «Паэзія» за кнігу «Я плюс Я».

Ганаровая грамадзянка г.Полацка Надзея Салодкая праслаўляе наш горад у вершах і песнях, што лунаюць над Беларуссю. Паэт з вялікай літары, аўтар 30 паэтычных зборнікаў, многія з якіх адзначаны прэміямі імя Уладзіміра Караткевіча, Петруся Броўкі і іншымі ўзнагародамі. Гэта паэтэса, адораная Богам, каб прыносіць радасць ад свайго прыгожага, багатага паэтычнага слова.
Кніга «Я плюс Я» з першых радкоў бярэ ў палон шчырасцю пачуццяў, несумненным талентам і паэтычнымі мовамі. Так, менавіта мовамі — рускай і беларускай, бо ў гэтай кнізе аўтарка выказала сябе як бы ў розных моўных стыхіях, таму вельмі ўдалая назва «Я плюс Я». Паэтэса ідэальна спалучыла роднае ёй двухмоўе. «У новай кнізе «Я плюс Я», — сказана ў анатацыі, — аўтар паставіла мэтай ураўнаважыць свае паэтычныя творы на рускай і беларускай мовах, сцвярждаючы тым самым багацце, прыгажосць і неабмежаваныя магчымасці беларускага слова». Дзве мовы — адна душа.
Сама аўтарка не называе гэта перакладамі, а лічыць перастварэннем па-беларуску раней напісанага на рускай мове. Напрыклад, у вершы «Ну што мне палітыка…»:
Я — женщина, слабая сущность
Вселенной.
Я женщина, слабостью этой сильна.
Пою о любви в чистоте вожделенной,
Желанием радости вечно хмельна.
І тое ж самае па-беларуску:
Жанчына я — слабая сутнасць Сусвету,
І гэтая слабасць мне права дае
Спяваць пра каханне прыветнаму ветру,
А хмелю мне неба дажджом наліе…
Цудоўна! Заўсёды бяру кнігі Надзеі Салодкай у рукі з трапяткім прадчуваннем таго, што вершы ўскалыхнуць самыя глыбіні душы, усхвалююць аж да дрыжыкаў. І пры тым адбудзецца пагружэнне ў свет прыгожага, у свет сапраўднай пранікнёнай паэзіі.
З гэтай кнігай адбылося тое самае. Гартаю наўгад. Кожны верш прыцягвае ўвагу, чапляе, інакш і быць проста не можа. Гэта сапраўдная паэзія, яна не для бязмэтавага хуткага чытва, паэзія, якая прымушае да роздуму і разам з тым дазваляе атрымаць асалоду. Якое багацце пачуццяў, дабрыні і таленту! Дзякуй Вам, Надзея Стэфанаўна!
Валянціна СОПІКАВА,
кіраўнік народнай
літаратурнай студыі
«Наддзвінне».
Фота з архіва студыі









