Працягваем знаёміць нашых чытачоў з краязнаўцамі, якія даследавалі гісторыю Полацка, архітэктурныя помнікі, рабілі ўсё для захавання гістарычнай памяці. Адзін з іх — мастак і краязнаўца Аляксандр Іосіфавіч Мемус.
Любімы Полацк
Аляксандр Мемус нарадзіўся ў 1939 г. у в.Прусы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Паводле сваёй адукацыі і прафесійнай дзейнасці ён з’яўляецца мастаком: у 1966 г. скончыў Уладзівастоцкае мастацкае вучылішча, у 1974-м — Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна ў г.Ленінградзе. У 1974-1999 гг. ён працаваў выкладчыкам на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута
імя С.М.Кірава.
Адным з яго захапленняў былі вандроўкі па Беларусі: на працягу другой паловы
1970-1990-х гадоў ён пабываў больш як у 50 населеных пунктах. У згаданы перыяд краязнаўца ледзь не штогод
(і часам нават па некалькі разоў на год) наведваў Полацк. Можна меркаваць, што ён з’яўляўся адным з любімых гарадоў мастака. У 1990 г. Аляксандр Мемус з захапленнем разважаў: «Думаю: Полацку трэба афіцыйна надаць статус старадаўняй сталіцы (як Кракаву ў Польшчы), і ўсё, што было знакам велічы яго гісторыі, адрадзіць, год за годам, са знакам высоканацыянальнага сэнсу. Полацку патрэбны манументы славы яго каронным постацям ад Рагвалода і Рагнеды, Усяслава … да носьбітаў і творцаў духоўнага рэнесансу. Жыхароў жа Полацка трэба «заразіць» бацылай першасталічнасці, стварыць тут нацыянальны (!) універсітэт, гістарычны музей, пантэон духоўнай культуры».

Аляксандр Мемус быў актыўным краязнаўцам і грамадскім дзеячам — чалавекам, які нераўнадушна адносіўся да мінулага, помнікаў гісторыі і культуры.
Фонд №474
Падчас візітаў у г.Полацк Аляксандр Мемус збіраў археалагічныя артэфакты (манеты, упрыгажэнні, фрагменты посуду, кафлі і да т.п.), арганізоўваў выставы сваіх твораў, наведваў экспазіцыі іншых мастакоў, канцэрты, разнастайныя святочныя і ўрачыстыя мерапрыемствы, вазіў студэнтаў на пленэры, а таксама аглядаў помнікі архітэктуры.
Бываючы ў старажытным горадзе, краязнаўца актыўна фатаграфаваў яго забудову: здымкі, на якіх маюцца выявы г.Полацка, утрымліваюцца на 21 фотаплёнцы (у цяперашні час яны захоўваюцца ў А.І.Мемуса). Частка фотаздымкаў з гэтых плёнак была раздрукавана, і яны ўвайшлі ў склад асобных адзінак захоўвання ў межах асабістага фонду мастака і краязнаўцы, які паступіў у Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Фонду быў прысвоены №474, а фотаздымкі з выявамі забудовы г.Полацка ўкамплектаваны ў справу №94 вопісу №1 (55 фотаздымкаў), а таксама ў справу №22 вопісу №3 (28 фотаздымкаў).
З мастацкім падыходам
Мяркуючы па зробленых фотаздымках, краязнаўцу цікавіла ўся архітэктура горада без выключэння: культавая і грамадзянская, мураваная і драўляная, ад эпохі сярэднявечча да сучаснасці. Аляксандр Мемус па-свойму бачыў аб’екты, паказваў асаблівасці іх адлюстравання на здымках.
Такім чынам, Аляксандрам Іосіфавічам створана вялікая колькасць фотаздымкаў, дзякуючы якім можна меркаваць пра архітэктурнае аблічча Полацка ў другой палове 1970-х – пачатку 1990-х гг. Задакументаваныя выявы адлюстроўваюць як унікальныя помнікі беларускай архітэктуры, так і масавую забудову, фіксуюць змены ў іх стане ў розныя гады. Мастацкі падыход, напаўненне пачуццямі з боку аўтара надаюць фатаграфіям асаблівую непаўторнасць. У сваю чаргу, яны — сведчанні эпохі, якія могуць быць выкарыстаны для падрыхтоўкі экспазіцый, у якасці крыніц для даследаванняў, прысвечаных пытанням архітэктуры і рэстаўрацыі, у краязнаўчай працы.
Браму-званіцу Спаса-Еўфрасінніеўскага манастыра Аляксандр Мемус сфатаграфаваў на фоне храмаў манастыра падчас рэстаўрацыі. А будынак жылога корпуса манастыра — разам з фрагментам двара. Сярод фотаздымкаў Праабражэнскай царквы — фотапейзажы з яе выявамі сярод дрэў, а таксама фота мастакоў на пленэры перад царквой. На здымку Крыжа-Уздзвіжанскага сабора бачым непасрэдна храм, а таксама разам з забудовай, размешчанай побач, апсіду і іншыя фрагменты будынка, муры сабора пад час рэстаўрацыйных работ. Найбольш шматпланава ён паказаў Сафійскі сабор: ад агульнага выгляду з розных кропак да фрагментаў унутранага інтэр’ера. На фотаздымках краязнаўцы — Богаяўленская царква, руіны касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі, лютэранская кірха, будынак брацкай школы, жылы корпус кляштара бернардзінцаў, Домік Пятра І, пажарная каланча, Дом афіцэраў, чыгуначны вакзал… Таксама шмат работ, якія дэманструюць фрагменты мураваных і драўляных дамоў, панараму забудовы Полацка.
К.Р.КАРПЕКІН, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці. Фота з архіва ўстановы.









