Таццяна Захарэвіч, аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы «Чарнаручча» філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», — адна з лепшых працаўніц.

Яна ўладкавалася на працу ў 1997 годзе і ні разу не пашкадавала, што пасля таго, як выпрацавала шкодны стаж на ААТ «Полацк-Шкловалакно», прыйшла ў галіну сельскай гаспадаркі. «Сваю працу трэба любіць», — сцвярджала працавітая жанчына. І з цеплынёй узгадвала, як пачынала даіць кароў на ферме «Казьянкі», як завіхалася ля сваіх рагуль, выхоўвала цялятак, тады яшчэ былі даільныя апараты без малакаправодаў.
На сучаснай малочнатаварнай ферме ў Чарнаруччы яна хутка асвоіла новую тэхналогію даення ў даільнай зале тыпу «ёлачка». Тут працаваць значна лягчэй фізічна, працоўнае месца — чыстае, зручнае. «Каровы — вельмі разумныя жывёлы, — расказвала вопытны жывёлавод. — Самі ведаюць, у якую секцыю ісці на дойку». Ёсць сярод рагуль высокаўдойныя, даюць за суткі 30 і 40 кілаграмаў малака.
«На ферме ў Казьянках была карова, якая пасля трох ацёлаў давала 50 кілаграмаў малака. Мне яна запомнілася на ўсё жыццё», — успамінае жанчына.
Таццяна Мікалаеўна жыве ў прыватным доме ў вёсцы Казьянкі. Мае агарод, вядзе хатнюю гаспадарку. Яна выгадавала дваіх дзяцей. Сын Раман працуе ў філіяле «Вясна-энерга» механікам, дачка Юлія з маленства бачыла сябе на працы на граніцы, мытня была яе мэтай. Цяпер дзяўчына ажыццяўляе сваю мару, вучыцца.
«На працы я думаю толькі пра вытворчыя абавязкі, а дамашнія пытанні пакідаю дома», — раскрыла сакрэт сваёй паспяховай працы Таццяна Захарэвіч.
На ферме ў Чарнаруччы ўтрымліваецца 125 дойных кароў. Разам з напарніцай гераіня публікацыі арганізоўвае іх даенне тры разы на дзень. Ранішняе пачынаецца на досвітку, у 5 гадзін. Наступнае – у 13 гадзін, вячэрняе – у 19 гадзін. Да разрыўнага графіку працы і адпачынку за шмат гадоў жанчына прызвычаілася.









