У ААТ «Кушлікі» працягваецца ўборка другога хлеба

Заботы сельские

Захаванне агранамічных тэрмінаў уборкі бульбы — ключавы фактар, які вызначае не толькі яе смакавыя якасці, але і здольнасць да працяглага захоўвання. Пра гэта добра ведаюць бульба-
воды з ААТ «Кушлікі» на чале з дырэктарам Фёдарам Завацкім.

-Сёлетняя ўборка другога хлеба адрозніваецца ад мінулагодніх тым, што разам з бульбаўборачным камбайнам нямецкай вытворчасці GRIMME мы выкарыстоўваем новую бульбакапалку гэтага ж вытворцы. Разам са спецыялістамі мы марылі пра яе набыццё некалькі гадоў, — расказаў кіраўнік гаспадаркі.

Новая машына агрэгатуецца з трактарам. Яна — дастойная альтэрнатыва бульбаўборачнаму камбайну. Сканструяваная па прынцыпе двухфазнага метаду ўборкі, яна выкопвае ўраджай з двух радоў і складвае яго побач у міжраддзе. У мэтах павелічэння прадукцыйнасці, падбор клубняў ажыццяўляе бульба-
ўборачны камбайн, у бункер якога пападае гэта бульба і яшчэ з двух радоў, якую ён выкопвае. Уборка праходзіць у два разы хутчэй, чым адным камбайнам.

— Нам трэба своечасова і якасна выкапаць бульбу на маштабнай пасяўной плошчы, таму і выкарыстоўваем спецыяльную тэхніку, — тлумачыў ход уборкі ўраджаю на полі аграном Раман Русецкі. Ён уважліва сачыў за працай новай бульбакапалкі, якую даверылі вопытнаму механізатару Пятру Навуміку.

Уборка другога хлеба ў ААТ «Кушлікі» вядзецца ўжо два тыдні, палову плошчаў убралі. На бульбяных палях шчыруюць камбайнеры Мікалай Качанок і Міхаіл Харушэўскі з памочнікамі Юрыем Кірэчкам і Мікалаем Філонавым. Мужчыны працуюць у добрым настроі, спяшаюцца, пакуль працы спрыяе надвор’е. На адвозцы клубняў заняты некалькі адзінак тэхнікі. Самым ураджайным сёлета аказаўся сорт «Першацвет» — атрымалі 400 ц/га, яшчэ два сарты «Мія» і «Гала» далі па 300 ц/га.

Бульбу з поля вязуць у бульбасховішча. Там яе сартыруюць, перабіраюць, накіроўваюць на захоўванне і продаж. Сваіх кадраў у гаспадарцы не хапае, таму, каб спарадкаваць ура-джай, прыцягваюць памочнікаў з Полацкага пагранатрада, жыхароў Полацка і Наваполацка.

— Выкапаць бульбу — гэта толькі частка справы, — падсумаваў размову Фёдар Завацкі. — Ураджай трэба давесці да таварнага выгляду, гэта ж нашы грошы.

Акрамя бульбы, ужо дзявяты год запар кушлікоўцы вырошчваюць капусту, моркву, буракі, цыбулю. Але плошчы, якія адведзены пад гэтую агародніну, у параўнанні з бульбай — значна меншыя.

Што датычыцца кошту на бульбу, у гаспадарцы яе можна набыць за 1,10 рубля за кілаграм. Штодзень, акрамя нядзелі, с 10.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00 побач з бульбасховішчам ажыццяўляецца продаж насельніцтву падрыхтаванай да захоўвання бульбы сорту «Гала». «Шмат жадаючых зімаваць з нашай кушлікоўскай бульбай, — выказала задавальненне галоўны аграном гаспадаркі Людміла Лісіцына. — Мы ўдзячныя ўсім, хто цэніць якасць нашага другога хлеба і нас падтрымлівае».

— Пасадзілі бульбу на плошчы 160 гектараў, засталося значна менш. Некаторыя пасевы нават на пясчанай глебе прапалі з-за ўмоў надвор’я, дажджы пазбавілі карнявую сістэму раслін магчымасці развівацца, — з засмучэннем адзначаў дырэктар гаспадаркі Фёдар Завацкі.