У Полацкай дзіцячай мастацкай школе адкрылася выстава жывапісу і графікі Віктара Любавіцкага

Культура

У Полацкай дзіцячай мастацкай школе адкрылася выстава жывапісу і графікі Віктара Любавіцкага «Зімовы настрой», прымеркаваная да 105-годдзя з дня нараджэння таленавітага полацкага мастака.

Уся творчасць Віктара Казіміравіча, прасякнутая глыбокім лірызмам і шчырасцю, стала неад’емнай часткай культурнай спадчыны Полацка. Кожная карціна аўтара — цэлая гісторыя, расказаная мовай колеру і формы. Ён умеў адчуць настрой прыроды, перадаць атмасферу родных мясцін, захаваць мімалётныя імгненні жыцця.

Ініцыятар выставы Наталля Анцімонава, дырэктар Мастацкай галерэі, на адкрыцці экспазіцыі падкрэсліла, што працы аўтара вельмі праніклівыя, зроблены з вялікай любоўю:

— У яго быў прыродны дар назіральнасці, ён адчуваў навакольны свет.

Віктар Казіміравіч Любавіцкі — карэнны палачанін. У 1940 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Служыў у горадзе Пушкіне Ленінградскай вобласці, там яго і заспела Вялікая Айчынная вайна. За плячыма Віктара Любавіцкага 872 дні блакады. Але нягледзячы на нягоды, у рэдкі вольны час Віктар Казіміравіч маляваў, а свае замалёўкі размяшчаў у баявым лістку.
 У 1947 годзе вярнуўся ў родны Полацк, прымаў актыўны ўдзел у аднаўленні горада. І ўсе гады ён шмат пісаў. Яго нацюр­морты і пейзажы ўвесь час прымалі ўдзел у розных выставах, атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды. Нягледзячы на тое, што Віктар Казіміравіч не меў акадэмічнай мастацкай адукацыі, ён узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» і званнем «Ганаровы член Беларускага саюза мастакоў». Яго працы сустракаюцца ў прыватных калекцыях палачан, бо мастак шмат сваіх работ дарыў.

На выставе прадстаўлены зімовыя краявіды, якія тонка перадаюць прыгажосць гэтага перыяду года. Заснежаныя дахі дамоў, ціхі зімовы лес, застылы ручай ствараюць атмасферу цішыні і прымірэння.

Іван Іваноў (на фота), выкладчык Полацкай ДМШ, зазначыў, што В.К.Любавіцкі быў вельмі светлым і добрым чалавекам:

— Калі глядзіш на яго карціны, ствараецца ўражанне, што ты ведаеш тыя месцы, дзе пісаліся палотны, больш за тое — ты там сапраўды калісьці быў.

Мастак валодаў дзіўнай здольнасцю пераносіць гледача ў свет сваіх твораў, прымушаць яго адчуць храбусценне снегу, прахалоду зімовага дня або ўтульнасць дома, бачыў прыгажосць у штодзённым і дзяліўся ёю з іншымі, абуджаючы глыбокія, часам забытыя ўспаміны і пачуцці.

Выстава працягнецца да 1 лютага 2026 года. Уваход вольны.