У Полацкiм раёне штогод праводзiцца агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне i азеляненне тэрыторый. I традыцыйна ў iм удзельнiчаюць жыхары вёсак Баравухскага сельсавета.

Сёлета ў намiнацыi «Лепшае прыватнае домаўладанне» будуць прадстаўлены тры прысядзiбныя ўчасткi — Вольгi Сiнкевiч з Пярханшчыны, Алены Ваciльевай з Гамзялёва i Веры Без’язычнай з Гваздова. Iх падворкi — проста любата!
Ля дома Васiльевых шмат дэкаратыўных раслiн, альпiйскiя горкi, альтанкi, арэлi. Без’язычныя ў аздабленні прысядзiбнага ўчастка выкарыстоўвалi камяні. Акрамя гэтага, у іх растуць экзатычныя дрэвы, прыгожы пладовы сад, вiнаграднiк. Мангальная зона аформлена старадаўнімі рэчамi побыту. А Вольга Сінкевіч абрала скандынаўскi стыль, прыгожы выгляд мае набярэжная штучнага вадаёму агульнага карыстання, які знаходзіцца недалёка ад дома. Ва ўсіх намінантаў парадак не толькi на ўчастках, але i за іх межамі.
Два гады запар канкурсанты з Баравухскага сельсавета былі ў лідарах конкурсу. Ёсць усе падставы, каб камісія адзначыла і сёлетнiх удзельнікаў.









