У рамках маштабнага праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» ў аддзяленні дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Полацкага раёна прайшла музычна-літаратурная сустрэча.

Удзел у ёй прынялі наведвальнікі аддзялення, прадстаўнікі Полацкай РА ГА «Беларускі саюз жанчын», а таксама члены народнай літаратурнай студыі «Наддзвінне».
— Гэтую пятніцу мы вырашылі прысвяціць жанчыне, яе вобразу ў беларускай культуры і літаратуры, — адкрыла мерапрыемства Святлана Бясецкая, загадчык аддзялення.
Праект «Кожная пятнiца — роднае, сваё» далучае людзей да роднай мовы, нацыянальных каштоўнасцяў і айчыннай прадукцыі. Ён ахоплівае ўсе сферы — ад харчовых і нехарчовых тавараў да музыкі, адзення і нацыянальнай кухні. Яго сутнасць: кожную пятніцу жыхары краіны змогуць купіць беларускія прадукты, апрануць адзенне айчынных дызайнераў, паслухаць нацыянальную музыку і падзяліцца гэтым у сацыяльных сетках з хештэгамі #ДеньРодногоСвоего або #ДзеньРоднагаСвайго.
Пачалася сустрэча з дэфіле жаночых народных строяў, якія прадэманстравалі наведвальніцы аддзялення. Яркія, самабытныя ўборы, кожны з іх увабраў у сябе водгаласы стагоддзяў і адлюстроўваў уклад жыцця продкаў.
Члены народнай літаратурнай студыі падзяліліся праніклівымі вершамі, прысвечанымі жанчыне, яе мацярынскай пяшчоце, працавітасці і сіле духу, яны кранулі сэрцы ўсіх прысутных. Творы, поўныя мудрасці і любові да роднага краю, гучалі як даніна павагі і пакланення жаночаму пачатку.
У аддзяленні дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту ўжо правялі некалькі мерапрыемстваў у рамках праекта. Напрыклад, майстар-клас па выцінанцы, пазнавальныя віктарыны на веданне беларускай мовы і шмат іншага.
Сапраўдным падарункам для прысутных стаў майстар-клас па традыцыйных беларускіх танцах. Харэаграфічны ўрок далі наведвальніцы валанцёрскага гуртка «У рытме танца», кіраўнікамі якога з’яўляюцца Надзея Кугаеўская і Кацярына Банадыкава. Гэтая частка мерапрыемства стала сімвалічным мастом паміж мінулым і сучаснасцю, дазволіла дакрануцца да жывой традыцыі і адчуць яе энергію. Сустрэча прайшла ў цёплай, давернай атмасферы за кубкам гарбаты і суправаджалася песнямі і вершамі, якія праслаўляюць прыгажосць, дабрыню і мудрасць жанчыны.









