Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў IX адкрытага конкурсу «Зімовая казка».

У гэтым годзе ў ім прынялі ўдзел 79 чалавек з 10 гарадоў Беларусі, якія даслалі 100 работ. Конкурс «Зімовая казка» ўжо даўно стаў добрай традыцыяй, якую з нецярпеннем чакаюць майстрыхі з усёй краіны. І гэта нядзіўна!
— За гады існавання ён палюбіўся майстрыхам. Ствараючы творчую працу, удзельніцы нагадваюць чараўнікоў, а іх вырабы дораць радасныя эмоцыі, настрой, — падзялілася Ніна Ярмух, кіраўнік народнай студыі аматараў шыцця з абрэзкаў тканіны «Рошва».
Арганізатарамі конкурсу выступілі філіял «Цэнтр рамёстваў» і народная студыя аматараў шыцця з абрэзкаў тканіны «Рошва».
Работы былі выкананы ў разнастайных тэхніках: лапікавае шыццё, вязанне, валянне, карункапляценне. Кожны выраб — гэта ўнікальны твор мастацтва, працяты цяплом рук і любоўю да сваёй справы. Ад яркіх коўдраў да хупавых карункавых сурвэтак — фантазія ўдзельніц не ведае меж. Члены журы адзначылі высокі ўзровень майстрых, ім давялося выбраць пераможцаў у трох намінацыях: «Плоскія вырабы», «Аб’ёмныя вырабы», «Паштоўкі». Ацанілі не толькі тэхнічнае майстэрства, але і арыгінальнасць ідэі, творчы падыход і эмацыянальнае
ўздзеянне працы на гледача. Усе ўдзельніцы конкурсу заслугоўвалі прызнання і захаплення за талент і адданасць рукадзеллю.
Аднак месцы размеркаваліся наступным чынам:
у намінацыі «Аб’ёмныя вырабы»: I месца — Т.Пятрэнка (Магілёў), II месца — І.Купцова (Наваполацк), III месца — М.Суравец (Полацк); у намінацыі «Паштоўкі»: I месца — Т.Захаранкава (Полацк), II месца — М.Шчадзянкова (Полацк), III месца — М.Якаўлева (Полацк); у намінацыі «Плоскія вырабы»: I месца — Т.Чарнова (Полацк) і І.Грабоўская (Полацк), II месца — Т.Манака (Полацк) і А.Васільева (Шаркаўшчына), III месца — Т.Касцюкова (Полацк) і І.Салаўёва (Верхнядзвінск).
Таксама на цырымоніі ўручылі прыз сімпатый гледачоў і заахвочвальны прыз за захаванне традыцый.
«Зімовая казка» — гэта цудоўная магчымасць для абмену вопытам, натхнення і творчых зносін. Арганізатары ўпэўнены, што ў наступным годзе конкурс збярэ яшчэ больш таленавітых майстрых і падорыць гледачам незабыўныя ўражанні.
Фота Маргарыты БАРАНОК.









