Ветэраны педагагічнай працы Полаччыны наведали выставу знакамітага земляка

Калейдоскоп

Кажуць, у мастакоў свой погляд на зіму. Мы, ветэраны педагагічнай працы, вырашылі наведацца ў Полацкую дзіцячую мастацкую школу на выставу жывапісу і графікі Віктара Любавіцкага «Зімовы
настрой», прысвечаную 105-годдзю з дня нараджэння ­таленавітага полацкага мастака.

Нас сустрэла дырэктар установы Наталля Лукашова, яна спачатку расказала пра мастака, а потым пазнаёміла з яго карцінамі.

Першае ўражанне — Віктар Казіміравіч вельмі любіў прыроду роднай Полаччыны. Зімовыя пейзажы на палотнах мастака — лес, што спіць пад цёплым покрывам, яблыні ў снежнай квецені, дом з вокнамі ў сад, апрануты ў снежны ўбор, нясмелы ручаёк, які прабіваецца праз ледзяны панцыр насустрач вясне… Праз кожны твор мастак размаўляе з намі, дзеліцца сваімі думкамі і пачуццямі. Канешне, хочацца больш даведацца пра таленавітага чалавека.

Стала зразумелым, што той, хто прайшоў вайну і зведаў яе жахі, больш за ўсё цаніў жыццё без вайны. Таму карціны Віктара Любавіцкага прасякнуты незвычайнай любоўю, пейзажы зачароўваюць сваёй магіяй і збліжаюць людзей.

Тамара Рудзянок, наша калега, дачка мастака, запрасіла нас да сябе. Адчувалася, што гаспадыня ганарыцца дарагім чалавекам, радуецца, што землякі цікавяцца яго творчасцю. Тамара Віктараўна паказала работы бацькі, расказала пра тое, як ствараліся карціны, нараджаліся сюжэты, прачытала яго франтавыя пісьмы. У гады Вялікай Айчыннай вайны Віктар Казіміравіч служыў у зенітна-ракетным палку, які абараняў подступы да Ленінграда, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны і медалямі.

Мы чакаем, калі скончыцца зіма, але, як і мастак, не можам адвесці вачэй. Творы Віктара Казіміравіча падарылі новыя ўражанні і натхненне, далі нам магчымасць акунуцца ў свет мастацтва і ўзяць часцінку гэтай зімовай прыгажосці з сабой у паўсядзённае жыццё.

Іна ЛАКОМСКАЯ,
ветэран педагагічнай працы (тэкст і фота).