Віншаванне біскупа Віцебскага з Вялікднём

Актуальное Духовность

Паважаныя браты i сёстры у Хрысце, людзi добрай волi!

«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях…» (Клс 3,1).

Хрысціянскі свет адзначае сваё найбольшае свята — Уваскрасенне Езуса Хрыста. Паводле сведчання апосталаў, гэтая падзея стала фактам, якому нельга было запярэчыць і які ў іх жыцці стаў па-сапраўднаму зваротным момантам. Змяніўшы бег гісторыі народаў і цэлых кантынентаў, праўда пра Уваскрослага Божага Сына дайшла да нашых дзён і надалей з’яўляецца крыніцай надзеі і моцнага пераканання ў магчымасці перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом, праўды над падманам, вернасці і адданасці над абыякавасцю і маладушнасцю.

Свята Уваскрасення Хрыста вучыць нас, што гэтая перамога можа і павінна здзейсніцца перад­у­сім у душы, у сэрцы чалавека. Сёлета наша грамадства святкуе 80-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Бесчала­вечнасць Другой сусветнай вайны, зрэшты, як і кожнай іншай, вынікае з непрыняцця або памылковага разумення праўды пра чалавека як істоты, створанай на Божы вобраз і падабенства. Таму вяртанне духоўнасці і маралі ў жыццё чалавека, як асабістае, так і грамадскае, — неабходная ўмова выключэння такіх трагедый у будучым.

Уваскрасенне Хрыста — гэта свята надзеі. Няхай яна ніколі нас не пакідае, але хай схіляе нашыя сэрцы да той крыніцы Жыцця і Праўды, крыніцы Міласэрнай Любові, якую мы маем ва Уваскрослым Хрысце! Яго блаславенне няхай спачне на кожнай вашай сям’і, на кожным доме і на ўсёй нашай роднай Беларусі!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Са святам!

+Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.