Жніво на палях Полацкага раёна працягваецца

Заботы сельские

Жніво на палях Полацкага раёна працягваецца. І хоць дажджы ўносяць карэктывы ў планы аграрыяў, праца ў полі кіпіць.

Вынікі працы ў полі на кантролі старшыні райвыканкама Васіля Шылава, абласнога, рэспубліканскага кіраўніцтва. Штодзень на ранішніх селектарных нарадах з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў абмяркоўваюцца надзённыя пытанні па ўборцы хлеба і нарыхтоўцы кармоў.

Хлебаробы раёна пачалі жніво з азімага ячменю, зараз убіраюць і азімы рапс, камбайнеры некалькіх гаспадарак ужо малоцяць першае збожжа азімай пшаніцы. На ўчарашні дзень план уборкі азімага ячменю выкананы на 75%, з пасеяных 1495 га ўбралі 1124. Па азімым рапсе — на 56%. У лідарах па ўраджайнасці
дзвюх культур — ААТ «Кушлікі», дзе аддача ячменнага поля 40,6 ц/га, а рапсавага —
41,3 ц/га. Штодзень на палі выязджаюць каля 30 камбайнаў, у разгар жніва запланавана праца 40.

Паколькі ўраджай зерневых выспявае хутка і некалькіх культур — адначасова, працоўных рук, каб яго ўбраць і заха­ваць, на вёсцы не хапае. Аграрыі звярнуліся па дапамогу да гараджан, якія ўмеюць кіраваць камбайнам ці трактарам, здольныя праца­ваць на сушыльных комплексах і маю­­ць вопыт па рамонце тэхнікі. Адгукнулася больш за 50 чалавек з прадпрыемстваў «Полацкводаканал», кацельных і цеплавых сетак ЖКГ, Полацкага КХП, «Полацк-Шкловалакно», Полацкага лясгаса, ДЭУ №32, НЗТМ, Полацкіх электрасетак і іншых. Два МАЗы выдзеліў Полацкі пагранатрад з вадзі­целямі для адвозкі зерня, некаторыя прадпрыемствы прадаставілі тэхніку. На базе Полацкага аграпрамысловага аб’яднання створаны мехатрад, які аказвае гаспадаркам адчувальную дапамогу па нарыхтоўцы кармоў. Ва ўборку хлеба ўключыліся навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа 16 з іх накіраваны на практыку ў сельгаспрадпрыемствы раёна, двое склалі маладзёжны экіпаж камбайнераў у сельгаспрадпрыемстве «Гараны-Агра».

Сёлетнія планы на ўборку ў Полацкім раёне вялікія: належыць сабраць 28-29 тысяч тон збожжа ў бункернай вазе і выканаць дзяржзаказ на 5370 тон.

— Здаўна на Беларусі існавала традыцыя за вялікія справы брацца талакой, — адзначыў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама–начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай Баратынскі. — І жніво — не выключэнне. Калі мы дружна возьмемся за справу, наш агульны хлеб будзе смачнейшы.

Прыкладна на два месяцы, адпаведна з дагаворамі, гараджане пакінулі свае прывычныя клопаты і акунуліся ў атмасферу аграрнай справы. Некаторыя з іх прыехалі на лета працаваць у вёску не першы год, сваім удзелам ва ўборцы хлеба яны ганарацца.