Лепшыя жывёлаводы Полаччыны адзначаны Падзячнымі лістамі і грашовымі прэміямі

Заботы сельские

Усе мы ведаем традыцыю напрыканцы года завяршаць усе справы, каб не сустракаць Новы год з даўгамі. Менавіта яе мы разам са старшынёй Полацкага райкама прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аляксандрам Дабраслаўскім імкнуліся захаваць, калі накіраваліся ў а­дзін з апошніх дзён снежня ў госці да пераможцаў абласнога і раённага спаборніцтваў па вытворчасці малака за лістапад. Мы мелі намер аддзячыць працавітым жывёлаводам за адданую працу і дасягнутыя поспехі, уручыць ім Падзячныя лісты і грашовыя прэміі, а таксама павіншаваць з надыхо­дзячым Новым, 2017 годам.

Самай далёкай на нашым маршруце была ферма «Домнікі» філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Ад Полацка яна знаходзіцца на адлегласці каля 40 кіламетраў.
Вынікі працы гэтай фермы за лістапад прымушаюць ганарыцца працай нашых руплівых землякоў. Дойны статак налічвае 200 галоў, валавая вытворчасць стратэгічнага прадукту дасягнула 117 тон (прырост да адпаведнага ўзроўню мінулага года 125%), сярэдні ўдой на карову за месяц склаў 586 кілаграмаў малака, рэалізавана сортам «экст­ра» 90% атрыманага прадукту, таварнасць малака дасягнула 95%.
На ферме мы даведаліся, што тут 23 працаўніка. Ужо ў 4.30 пачынаеццца першая дойка. Рэжым працы даярак — 6 працоўных дзён, 2 — выхадных. Кіраўнік фермы Святлана Хромава, калі атрымлівала заахвочванні, адзначала, што ў працоўных перамогах (ферма заняла І месцы ў абласным і раённым спаборніцтвах) ёсць уклад кожнага. Калектыў у іх працаздольны, дружны. «А ўвогуле, — зазначыла Святлана Мікалаеўна, — усё залежыць ад кіраўніка гаспадаркі. Наш Аляксандр Калтуноў мае падыход да кожнага, мы адчуваем клопат пра нас, і з’яўляецца жаданне працаваць яшчэ лепш.

img_0019-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-%d0%b0-%d0%b1%d0%be%d0%bb%d1%8c%d1%88%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b2%d0%be%d0%b9-3
У гаспадарцы «ПС-Карпекі» на ферме «Кауны» нас чакала знаёмства з аператарам машыннага даення Галінай Шчэрбік, якая выйшла ў пераможцы раённага спаборніцтва і стала другой у абласным. Галіна Гена­дзьеўна расказала, што сакрэт яе поспеху ў кармленні кароў якаснымі кармамі, канцэнтратамі. «Мае кароўкі ўсе малочныя, напрыклад, рагуля з мянушкай Слава дае 32 кілаграмы малака ў суткі», — зазначала пераможца. І дадала, што падыход да кожнай жывёлы павінен быць асаблівы. Гэтыя жывёлы — як і людзі: маюц­ь свой характар, свае звычкі і ад адносінаў да іх залежыць колькасць малака, якое атрымае даярка. Зараз Галіна Генадзьеўна даглядае яшчэ і 11 цялят. Гэтая малеча — радасць яе душы. «Гэта яшчэ мала. Было калісьці і па 30 малых гадаванцаў», — зазначала працаўніца. Для павелічэння вытворчасці малака яна спрабавала выкарыстоўваць галандскую методыку даення кароў, якая дала станоўчы эфект.
Галіне Генадзьеўне выпала быць на працы і 31 снежня, і  1 студзеня. Але навагодні стол яны з мужам Віктарам Віктаравічам збіраліся накрываць і падарункі для дваіх унукаў падрыхтавалі. Па сямейнай навагодняй традыцыі яны набываюць два торты. Чаму два? Таму што і яны, і сын, які з імі жыве, любяць салодкае. Дзве дачкі працавітай даяркі жывуць сваімі сем’ямі ва Ушачах. Магчыма, прыедуць да бацькоў.

img_0019-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%be-%d0%b0-%d0%b1%d0%be%d0%bb%d1%8c%d1%88%d0%b0%d0%ba%d0%be%d0%b2%d0%be%d0%b9
Яшчэ адна наша новая знаёмая — маладая даярка з фермы «Тросніца» ААТ «Полацкі аграсервіс» Ганна Барысенка жыве ў вёсцы Багатырская. З ёй мы суст­рэліся на яе працоўным месцы. 30-гадовая маці дваіх дзяцей не чакала, што выйдзе пераможцай раённага спаборніцтва. А калі даведалася — парадавалася. На ферме яны працуюць разам з мужам, ён — таксама дояр. Даіць карову Ганна навучылася яшчэ ў школьныя гады. Жыла з бацькамі ў Асвеі, тыя трымалі на падворку багатую гаспадарку. Сваю працу жанчына любіць, разумее значнасць справы, якую выконвае. За лістапад ад сваёй групы атрымала 14 тон малака, сярэдні ўдой на карову за месяц склаў 400 кілаграмаў каштоўнага прадукту. Яна заўсёды з жаданнем ідзе на працу, дзе яе чакаюць любімыя рагулі з мянушкамі Каштанка, Глорыя, Мышка, Лодачка і іншыя.
У сям’і жывёлаводаў Барысенкаў выхоўваюцца 10-гадовая Эва і 5-гадовы Цімафей. Яны будуць ганарыцца працоўным поспехам маці. Новы год сям’я заўсёды сустракае весела. На стале — традыцыйныя стравы: салата «аліўе», «селядзец пад шубай», рыба, фрукты. Бацька заўсёды смажыць курыцу. Ганна расказала, што яны з мужам атрымалі на працы навагоднія падарункі для дзяцей і для сябе. У іх працоўным калектыве пануе святочны настрой — ён уплывае на высокія вынікі працы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *