Выстава дэкаратыўных пано, карцін і інтэр’ернай лялькі «Напярэда­дні вясны» адкрылася ў Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыя­нальных культур.

Культура

Выстава дэкаратыўных пано, карцін і інтэр’ернай лялькі «Напярэда­дні вясны» адкрылася ў Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыя­нальных  культур.

Свае работы, у якіх, сапраўды, адчуваецца подых вясны, гледачам прадставілі два аўтары — Ларыса Гарных і Алена Архіпава. Дырэктар установы Вольга Шаркевіч вітала гасцей і падзякавала мастачкам за падораную магчымасць пазнаёміцца з вынікамі іх прамяністай працы». І ўсе, хто бачыў пано і карціны Ларысы, мілыя тэкстыльныя лялькі Алены, па­гадзіліся, што яны выпрамень­ваюць святло і цеплыню…
Аўтарам выставы былі прысвечаны музычныя падарункі ад духоўна-па­трыятычнага ансамбля «Спадчына», якія стварылі своеасаблівую атмасферу мера­прыемству, і яго ўдзельнікі адчулі сябе сябрамі. У такім сяброўскім коле мастачкі распавялі пра свой жыццёвы шлях, пра творчыя здабыткі і крыніцы натхнення.
Імя мастака-графіка Ларысы Гарных добра ведаюць у суседнім Наваполацку, дзе яна кіравала дзіцячай мастацкай школай. Зараз працуе ў агульнаадукацыйнай школе, вядзе выставачную дзей­насць, праводзіць майстар-класы. Гледачы з задавальненнем пазнаёміліся з яе карцінамі і пано, выкананымі ў тэхніцы «бацік», даведаліся, што яе работы захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Германіі, Францыі, Італіі, Славакіі. Мастачка расказала пра сваё захапленне творчасцю і… матэматыкай. Менавіта дакладныя навукі дазваляюць ёй аптымальна арганізаваць свой час. «А перш за ўсё — я мама двух сыноў», — кажа Ларыса Іванаўна. І малодшы з іх павіншаваў маму з чарговай выставай.
Алена Архіпава, швачка па адукацыі, з дзяцінства захаплялася рознымі відамі рукадзелля: вязаннем, макрамэ, вышыўкай, вырабам лялек. Інтэр’ернай лялькай займаецца больш за шэсць гадоў. «Для мяне творчасць — вялікая душэўная асалода. І, вядома ж, прыемна, калі мае работы прыносяць радасць», — прызнаецца Алена, якая на адкрыццё сваёй дэбютнай выставы прыйшла з дачушкай Кацяй.
…Падарыць наведвальнікам выставы чароўны веснавы настрой і часцінку шчасця ад сустрэчы з творчасцю — гэта і была асноўная ідэя выставы, якая аб’яднала розныя жанры і тэхнікі. Яшчэ адным падарункам для тых, хто пабываў на яе адкрыцці, сталі май­стар-класы ад мастачак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *