8 верасня 1990 года ў слаўным горадзе Полацку (менавіта так называў свой родны горад Францыск Скарына) быў урачыста адчынены Музей беларускага кнігадрукавання. Падзея была прымеркавана да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння першага беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукара.
Рашэнне аб стварэнні такога музея ў Полацку было прынята Міністэрствам культуры БССР яшчэ ў 1987 годзе. З гэтай нагоды быў даследаваны і адрэстаўраваны помнік архітэктуры канца XVIII ст. — былы жылы корпус Богаяўленскага манастыра, пабудаваны паводле праекта знакамітага італьянскага архітэктара Джакома Кварэнгі.
З’яўленне такога музея менавіта ў Полацку было заканамерным. Гэта не толькі радзіма Францыска Скарыны. Полацк — адзін з самых старажытных гарадоў усходніх славян, самая першая наша сталіца. Ён заўсёды быў важным цэнтрам духоўнай і матэрыяльнай культуры — дойлідства, іканапісу, прыкладнога мастацтва і, вядома ж, кніжнасці. Тут перапісвала кнігі Еўфрасіння Полацкая, якая стала святой апякункай Беларусі. Можна ўзгадаць бібліятэку Сафійскага сабора, што існавала ў ХІ-XVI стст., а таксама бібліятэку пры Полацкім езуіцкім калегіўме, якая на пачатку ХІХ стагоддзя налічвала больш за 23 тысячы тамоў. У Полацку таксама нарадзіўся і пачынаў сваю літаратурную дзейнасць выдатны паэт, драматург, педагог XVIІ стагоддзя Сімяон Полацкі.
Праўда, на момант прыняцця рашэння аб стварэнні Музея беларускага кнігадрукавання горад ужо не меў тых кніжных багаццяў, якімі мог пахваліцца ў мінулым. Шматлікія пажары, войны, рэвалюцыі сталі прычынай гібелі або вывазу кніжных скарбаў. Пачалося мэтанакіраванае камплектаванне калекцыі будучага музея. У яго фонд перадаваліся кнігі з абменна-рэзервовых фондаў бібліятэк, набываліся кнігі ў букіністычных крамах, дарылі кнігі і прыватныя асобы.
У выніку быў створаны музей, якім Полацк па праву можа ганарыцца! Прайшоўшы па яго 15-ці залах, наведвальнік здзяйсняе захапляльнае падарожжа ў кніжны свет. Тут можна пазнаёміцца з рознымі матэрыяламі для пісьма і з гісторыяй алфавітаў, з рукапіснай кнігай на беларускіх землях і гісторыяй беларускага кнігадрукавання. Галоўная частка экспазіцыі, вядома ж, — адлюстраванне жыццёвага шляху і дзейнасці першадрукара Францыска Скарыны. Асвятляецца таксама дзейнасць яго паслядоўнікаў — Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Пятра Мсціслаўца і інш. Паказаны газеты, часопісы, календары, альбомы рознага часу. Завяршае экспазіцыю паказ паліграфічнага абсталявання і сучасных кніг ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў лаўрэатаў розных конкурсаў.
Пры гэтым наведвальнік мае магчымасць убачыць, як стваралася кніга ў скрыпторыі (майстэрні перапісчыка) і ў друкарні ХVІ-ХVІІ стагоддзяў, пазнаёміцца з кабінетам вучонага ХVІІІ стагоддзя і майстэрняй сучаснага мастака-графіка.
Сярод найбольш каштоўных экспанатаў музея — рукапісныя кнігі на пергаменце («Тора») і на паперы («Гадавы рымскі цырыманіял»), беларускія і заходнееўрапейскія выданні ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў. У тым ліку такія рарытэты, як «12 прамоў» Іераніма Фалецкага (Венецыя, 1558) і «Евангелле вучыцельнае» (Вільня, друкарня Мамонічаў, 1595).
Вялікую цікавасць выклікаюць выданні твораў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Журбы, Змітрака Бядулі і інш., падручнікі Максіма Гарэцкага, Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка, слоўнікі Вацлава Ластоўскага, Яна Станкевіча, календары пачатку ХХ стагоддзя, газета «Наша ніва», часопісы «Наш край», «Маладняк», «Полымя», «Узвышша» 1920-30-х гадоў.
Супрацоўнікамі музея сабрана нямала цікавых і каштоўных матэрыялаў, але праца па збіранні працягваецца. Часта ў музей перадаюцца кнігі сучасных аўтараў з дароўнымі надпісамі. Так, даўнім і шчырым сябрам Музея беларускага кнігадрукавання з’яўляецца Уладзімір Арлоў. Вядомы пісьменнік, які нарадзіўся ў Полацку, кожную сваю новую кнігу абавязкова перадае музею. А не раз здаралася і так, што музей атрымліваў у падарунак і вельмі каштоўныя старыя выданні. Напрыклад, некалькі гадоў таму Андрэй Макагон (палачанін, які жыве зараз у Маскве) перадаў у музей «Рымскі імшал», выдадзены ў 1826 годзе ў Полацку ў былой езуіцкай друкарні каталіцкім ордэнам піяраў. Зараз гэтае выданне можна ўбачыць у экспазіцыі.
Музей на працягу ўсіх дваццаці пяці гадоў існавання карыстаецца вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў. За год праз яго праходзяць да 45 тысяч чалавек.
У гэтым годзе Музей беларускага кнігадрукавання адзначае 25-годдзе. З гэтай нагоды 10 верасня плануецца правесці круглы стол «Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні», падчас якога музейшчыкі і навукоўцы абмяркуюць самыя розныя пытанні, звязаныя з кніжнай тэмай. А яшчэ на верасень запланавана аж дзве выставы. Адну прывязуць да нас з Вялікага Ноўгарада. На ёй будуць прадстаўлены каштоўныя выданні XVI-XІХ стагоддзяў, звязаныя з беларускімі землямі.
А другая дасць магчымасць палачанам на працягу верасня ўбачыць сапраўдныя выданні Францыска Скарыны, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта «Кніга царстваў» і «Эклезіяст».
Запрашаем усіх палачан і гасцей горада выкарыстаць унікальную магчымасць прыйсці на спатканне з кніжнымі скарбамі.
Вера АШУЕВА,
старшынавуковы супрацоўнік Музея
беларускага кнігадрукавання.