21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

Главное Культура

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай узняць пытанні моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўнасці. Гэта дата была ўпершыню абвешчана ЮНЭСКА 17 лістапада 1999 года.

Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.

Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы арганізаваны і ў Полацку.

Сёння, 21 лютага, а 13 гадзіне пачнецца квэст-гульня «Роднай мове прысвячаецца…». Удзел прымуць  вучні школ Полаччыны і навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Арганізатары, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама і Цэнтр культуры «Полацк», падрыхтавалі для моладзі цікавы маршрут, старт якому будзе дадзены ля памятнага знака літары «Ў».
Жадаем поспехаў дзяўчатам і юнакам!

17 лютага ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працу выстаўка «Служэнне роднаму слову».  Яна  прысвечана беларускім пісьменнікам, паэтам і навукоўцам, чые юбілеі прыходзяцца на 2018 год.

20 лютага ў Краязнаўчым музеі Полацка адбылася вечарына «Табе складаю гэты гімн, горад!», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.