Сёлетні год у Беларусі праходзіць пад знакам Францыска Скарыны

Главное

Сёлетні год у Беларусі праходзіць пад знакам Францыска Скарыны — паўтысячагадовы юбілей адзначыць першая беларуская кніга. Святочныя мерапрыемствы будуць праходзіць напрыканцы жніўня — у пачатку верасня, і менавіта ў гэты час адбудзецца найбольшая колькасць самых значных імпрэз. Але ўжо зараз можна гаварыць пра рэалізацыю многіх праектаў.

Падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Мінску, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч расказаў, што беларускія выдаўцы яшчэ летась і на пачатку гэтага года прадставілі шэраг кніжных навінак, прысвечаных першадрукару. У выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» імя П.Броўкі ўбачыла свет трохтомная дзіцячая энцыклапедыя, прысвечаная Францыску Скарыну, а кніга «Францыск Скарына — чалавек свету» прыйшла да чытачоў дзякуючы падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.Намеснік міністра паведаміў таксама, што сёлета ўбачыць свет і персанальная энцыклапедыя, прысвечаная асобе і дзейнасці Скарыны і яго паслядоўнікаў.

Падобная кніга на рускай і беларускай мовах выходзіла ўжо ў 1990-х гадах. Таксама рыхтуецца трэцяе перавыданне кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету», у якой прадмову да кнігі «Юдзіф» можна будзе прачытаць у перакладзе на дзясяткі моў.Тэма 500-годдзя беларускага кніга­друкавання будзе гучаць не толькі ў Беларусі.

У розных краінах пад знакам Скарыны сёлета пройдуць Дні белару­скай культуры. Як паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэр­ства культуры Наталля Задзяркоў­ская, у хуткім часе адпаведныя мерапрыемствы пройдуць у Кітаі, Ізраілі, Грузіі. Тэму скарыніяны падхапілі і аб’яднанні беларусаў замежжа ў Польшчы, Літве і Расіі.

Таксама Наталля Іванаўна падкрэсліла, што ўжо завяршыліся здымкі дакументальнага фільма «Перша­друк», які летась стаў пераможцам конкурсу кінапраектаў. Дарэчы, прэм’ера стужкі адбудзецца ў Полацку, падчас святкавання Дня беларускага пісьменства. Гледачоў парадуе яшчэ адна прэм’ера — спектакль пра Скарыну па п’есе Віктара Марціновіча. Пастаноўку рыхтуе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.Увосень беларусы атрымаюць унікальную магчымасць убачыць арыгіналы кніг, выда­дзеных Францыскам Скарынам і яго паплечнікамі, якія захоўваюцца ў розных краінах свету. Гэты маштабны праект рыхтуе Нацыянальная бібліятэка. Яе дырэктар Раман Матульскі паведаміў, што зараз вядома пра існаванне 520 кніг, надрукаваных Скарынам. Яны знаходзяцца амаль у 50 краінах, у пераважнасці ў Расіі, Польшчы, Чэхіі і Германіі. Таксама Нацыянальная бібліятэка сёлета завяршае сумесны з банкам БелВЭБ 21-томны праект факсімільнага ўзнаўлення кніжнай спадчыны славутага белару­скага перша­друкара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *