Хлебаробы ААТ «Кушлікі» аднымі з першых завяршылі сяўбу зерневых культур

Заботы сельские

Любое поле ААТ «Кушлікі» сведчыць, што ў яго ёсць гаспадар. Дырэктар Фёдар Завацкі пра сваю глебу ведае усё і штогод імкнецца старанна яе апрацоўваць, падсілкоўваць, працаваць з захаваннем тэхналогій. За гаспадарчы падыход палі адорваюць кушлікоўцаў багатым ураджаем.

Разам з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама Наталляй Крывец і Фёдарам Завацкім мы ішлі па адным з кушлікоўскіх палёў, што недалёка ад вёскі Махірова. Тут на сяўбе працаваў перадавік Андрэй Серабранскі. Дырэктар, пакуль ідзем да трактара, часта нахіляецца долу і падымае з поля камяні і кавалкі цэглы. Дарэчы, ён робіць так заўсёды, разумеючы, якую шкоду яны могуць прынесці агрэгатам, што працуюць на апрацоўцы глебы ці сяўбе.

Механізатар сустракае нас у добрым настроі. Яго МТЗ-2822ДЦ з сеялкай АПП-6а — спраўна служыць ужо 12 год. З пачатку пасяўной хлебароб засеяў плошчу ў 420 гектараў аўсом, ячменем, гарохам, зернесумессю. Яму сёлетняя вясна падалася лепшай, чым мінулагодняя: глеба сухая, падыйшла, а год таму, калі сеялі, была сыраватая.


Андрэй Пятровіч родам з Казахстана. На радзіме працаваў на «Кіраўцы», у Кушліках — таксама на цяжкай тэхніцы. Беларуская зямля і людзі прыйшліся даспадобы механізатару і яго жонцы, і яны тут засталіся. Сын і дачка лічаць Беларусь сваёй радзімай.

— Старанны працаўнік, безадмоўны, зацікаўлены ў добрым заробку. За пасяўную атрымае больш за дзве тысячы рублёў — гэта ж грошы! Працуе з ранку да вечара, — нахвальваў механізатара Фёдар Завацкі.

Але сяўба зерневых для кушлікоўцаў — не асноўная веснавая праца. Ім яшчэ належыць пасеяць грэчку, фацэлію, райграс, а самае галоўнае — пасадзіць бульбу і агародніну.
Дырэктар ААТ «Кушлікі» сцвярджае, што пасадка 1 гектара бульбы адпавядае па затратах 3,5 гектара зерневых. Так што працы наперадзе шмат. Пад бульбу трэба наганяць барознаў і потым пускаць саджалку, а перад сеялкай па полі пройдуць чызель, АКШ, дыскі… Фёдара Завацкага непакоіць паліва — каб яго хапіла на ўсе планы.


Наталля Крывец пахваліла кушлікоўцаў: працуюць дружна, зладжана. І па паказчыках — сярод лепшых. Увогуле, пасяўная ў раёне праходзіць на ўзроўні мінулага года. Усе стараюцца. Многія выканалі план па яравых зерневых. Тэмпературныя нормы дазваляюць сеяць кукурузу. Тым, хто мае патрэбу ў дапамозе, моцнае плячо падстаўляюць калегі. Напрыклад, «Амазонія» сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк» працуе на палях «Э/б «Ветрынская».