У Полацку працуе выстава маляванак

Важное Культура

Быццам песню спявае матуля, быццам лашчаць твар цёплыя сонечныя промні, быццам на некалькі хвілін давялося вярнуцца ў дзяцінства, у бестурботныя, шчаслівыя гады…

Просты дыванок з дзівоснымі жывёламі і птушкамі, кветкамі і дрэвамі, з азёрнымі хвалямі і аблокамі. Ці то казка, ці то мроя… Такія маляваныя шэдэўры ў мінулым упрыгож­валі большасць беларускіх вясковых хат і лічыліся ледзь­ве не абавязковым прадметам сціплага інтэр’еру. У гады галечы, у час цяжкіх выпрабаванняў яны былі нібыта чароўнае акенца ў шчаслівае жыццё, якое абавязкова надыйдзе, своеасаблівымі лекамі для душы і прадметам гаспадарскага гонару.

…У першай палове ХХ  стагоддзя вандравала па беларускіх мястэчках і вёсках самадзейная мастачка Алёна Кіш, якую многія лічылі дзівачкай. Малявала немудрагеліс­тыя, але вельмі шчырыя карціны, напоўненыя патаемным сэнсам. «Рай», «Ліст да каханага» і «Дзева на водах» — гэтыя сюжэты замаўлялі паўсюдна. Але з часам мода змянілася, творчасць Алёны стала незапатрабаванай, і яна трагічна пайшла з жыцця.

Маляваныя шэдэўры Алёны Кіш вярнуліся з небыцця праз дзесяцігоддзі дзякуючы мастаку Уладзіміру Басалыге, які выратаваў ад знішчэння знойдзеныя ў хлявах ды на гарышчах нешматлікія дыванкі. Зараз яе імя ўключана ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва побач з сусветна вядомымі Анры Русо і Ніко Пірасмані. Але няўмольны час зрабіў сваю справу: захаваліся адзінкавыя экземпляры маляванак…

Днямі ў ЦРНК адбылася прэзентацыя маляванак, якія стваралі майстрыхі клуба «Рошва» на працягу больш пяці гадоў. Цэнтрам экспазіцыі стаў вялікі квілт «Ліст да каханага». Ён да дробязяў паўтарыў арыгінал і атрымаўся загадкавым і прыгожым. Побач, як даніна памяці мастачкі, размясціўся паліптых «Чаканне шчасця» з выявай чатырох пор году. У кожным фрагменце жаночы лёс — ад квітнеючага юнацтва да халоднай пары сыходу ў небыццё. Усё зроблена вытанчана і з вялікім філасофскім сэнсам.

Усяго ў экспазіцыі амаль 30 работ. Пра тое, наколькі карпатлівай была праца па іх стварэнні, сведчыць колькасць дэталяў. Так, для вялікага дывана-маляванкі майстрыхі ўручную вырабілі 1267 унікальных фрагментаў!

«Мы імкнуліся расказаць гісторыю з дапамогай творчасці. Спадзяемся, гэта атрымалася. Усе работы, якія вы бачыце, аўтарскія. Гэта мастацтва, якое ідзе ад сэрца, ад жыцця. Углядзіцеся ў маляванкі, і вы пачуеце песню, якую спявае ваша душа», — звярнулася да прысутных Ніна Ярмух.

…Вірлівае ХХІ стагоддзе, шалёныя тэмпы, сучасныя тэхналогіі. А душа, стаміўшыся ў пошуках сапраўднага, шчырага, простага, можа адпачыць толькі ля чыстых вытокаў. Маляванка…

Фота Марыі ЧАРНІЧЭНКА.