Вераю адзіныя палачане

Актуальное Духовность

У Полацку, як і паўсюдна ў Беларусі, у міры і зго­дзе жылі і жывуць людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Так было, так ёсць і так будзе заўжды.

Фота Мікалая МАРЧАНКІ, «Першы лясны».

У адрозненне ад заходніх рэгіёнаў, на Полаччыне пераважаюць праваслаўныя вернікі, але і каталікі маюць свой храм, куды прыходзяць, каб памаліцца, атрымаць духоўную падтрымку або разам адзначыць свята.
У горадзе доўгі час не было касцёла, ён з’явіўся толькі напрыканцы ХХ стагоддзя і адразу стаў цэнтрам прыцягнення для вернікаў рымска-каталіцкай канфесіі.

Сёння касцёл з’яўляецца сапраўдным упрыгажэннем Полацка. Ён уяўляе сабою трохнефную аднавежавую базіліку з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Дынамічную ўзнёсласць кампазіцыі храма надае 5-ярусная званіца са спічастым гранёным шатром.

Храм, асвечаны ў гонар святога Андрэя Баболі, размешчаны па вуліцы Дзяржынскага ў Полацку, пабудаваны ў выніку рэканструкцыі кінатэатра «Юбілейны» (праект распрацаваны ў 1994 годзе архітэктарам В.А.Папругам. Будаўніцтва ўзначаліў інжынер А.Арлянковіч). Асвячэнне храма адбылося 20 верасня 1997 года. З нагоды ўрачыстасці Полацк наведалі Яго Святасць ксёндз кардынал Казімір Свёнтак, архібіскуп Мінска-Магілёўскай мітраполіі, каталіцкія святары з храмаў Беларусі, а таксама вялікая дэлегацыя гасцей з Фрыдрыхсхафена, у тым ліку обер-бургамістр Бер­нд­ Відман, каардынатар партнёрскіх сувязяў паміж двума гарадамі Фрыц Рук і Карл Фрэнкель.

Вялікую дапамогу ў будаўніцтве касцёла аказалі жыхары горада-пабраціма Фрыдрыхсхафена. Так, шырока вядомы сваёй дабрачыннасцю спадар Карл Фрэнкель аплаціў выраб і дастаўку звана, алтара, аргана, які ўстанавілі польскія майстры. Шмат сродкаў сабралі для полацкага касцёла каталікі з прыходу П.Канідыуса.

Імя, увекавечанае ў назве касцёла, не з’яўляецца выпадковым. Андрэй Баболя быў таленавітым прапаведнікам ордэна іезуітаў, які праславіўся сваёй паспяховай міссіянерскай дзейнасцю сярод насельніцтва Беларускага Палесся ў першай палове XVII стагоддзя.

Знаўца твораў грэчаскіх айцоў царквы, ён атрымліваў перамогу над апанентамі дзякуючы мастацтву палеміста і аратара. У 1657 годзе, падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, Андрэй Баболя быў захоплены і закатаваны казакамі. Але ў 1702 годзе эксгумаванае цела прапаведніка аказалася нятленным, што стала падставай для распаўсюджвання культа святара ў Рэчы Паспалітай, а таксама ў Аўстрыі і Германіі.

У 1808 годзе цела Андрэя Баболі было перавезена ў Полацк, дзе яно захоўвалася ў спецыяльнай капліцы пры саборы святога Стэфана. У 1853 годзе Андрэй Баболя быў прылічаны да ліку блажэнных, а ў 1938 годзе прызнаны святым. Зараз ягонае цела знаходзіцца ў адным з варшаўскіх касцёлаў.

…Над Заходняй Дзвіной гучаць званы двух храмаў — касцёла святога Андрэя Баболі і кафедральнага Богаяўленскага сабора, якія і раздзяляе, і аб’ядноўвае адна рака. І гэта вельмі сімвалічна: мы розныя і мы адзі­ныя — вераю, міласэрнасцю, талерантнасцю, адданасцю роднай зямлі.