9 красавiка — Вялiкдзень(па календары каталiцкай канфесii). Віншаванне Біскупа Віцебскага

Актуальное Духовность

Паважаныя браты i сёстры у Хрысце,
шаноуныя суайчыннiкi!

Напружанасць у міжлюдcкіх адносінах нярэдка абуджае пытанне светапогляду чалавека. Хто я, навошта жыву, які сэнс у тым, што адбываецца са мной і навокал, што мяне чакае ў будучым? Сярод гэтых пытанняў важнае месца займае існаванне Найвышэйшай Сілы, Бога, у Якім чалавек нават інстынктыўна шукае паратунку і дапамогі ў вырашэнні тых ці іншых праблем. Як сцвердзіў у свой час Кардынал Юзаф Ратцынгер – Папа Бэнэдыкт ХVI, «у свеце без Бога мы застаёмся пазбаўленымі ісціны, а гэта значыць – рабамі» (Кард. Ю. Ратцынгер. «Новы спеў Пану» 1,4; 1990 г.).

Хрысціянства не проста дае адказы на пытанні, звязаныя з існаваннем чалавека, яно мае ў сабе моц учыніць гэтае існаванне «паўнатою жыцця» (пар. Ян 10, 10). І гэтая «поўня», гэты Божы «дастатак» крыецца ў Крыжовай Ахвяры і Уваскрасенні нашага Збаўцы Езуса Хрыста.

Разважаючы над падзеямі Вялікай Ночы і Раніцы, мы заўсёды можам знайсці ў іх сваё месца: ці ў шэрагу абыякавых мінакоў, ці ў кагорце перапалоханых жаўнераў, праплачаных, каб хлусіць пра нібыта выкрадзенае цела ўкрыжаванага за два дні раней Настаўніка з Назарэту.

«Спакой вам!» (Лк 24,36). Гэтыя словы, якімі Уваскрослы Збаўца прывітаў у Велікодную Раніцу сваіх вучняў, ён скіроўвае сёння да нас! Да тых, хто яшчэ, магчыма, блукае ў цемры, але мае прагненне жыць у Божым святле, жыць у праўдзе, у свабодзе Божых дзяцей. Да тых, каго напаткалі хвароба, выгнанне, разлад у адносінах з бліжнімі, жыццёвая параза.

Так, мы сведкі гэтага, калі моцна трымаемся Хрыстовага Крыжа, калі не дазваляем нянавісці завалодаць нашым сэрцам, але прабачаем, як і Бог прабачае нам правіны нашыя. Калі шукаем праўду і паводле праўды імкнёмся жыць. Калі з вуснаў нашых не выходзіць ніякая нядобрая мова, а ў намерах і ўчынках нашых няма падману. Тады разам з Хрыстом мы становімся пераможцамі смерці і ўжо цяпер уваскрасаем з граху.

Няхай Той, Хто вытрываў у выпрабаваннях і, прабачаючы людскі грэх, уваскрос з памерлых, прынясе кожнай вашай сям’і, усёй нашай краіне і сучаснаму свету ласку прымірэння, згоды і супакою!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

+Алег Буткевіч, Біскуп Віцебскі.