Заўтра, 11 кастрычніка, у Полацку на праспекце і плошчы Францыска Скарыны пройдзе асенні кірмаш па продажы бульбы, садавіны і агародніны, зерня і іншых тавараў.

Традыцыйна свята абяцае быць карысным і вясёлым. Сельгаспрадпрыемствы Полацкага раёна з самага ранку распачнуць продаж жыта, пшаніцы, аўсу, ячменю. ААТ «Кушлікі» накіруе на кірмаш дзве машыны з бульбай, багаты асартымент прадукцыі падрыхтаваў Полацкі аграрна-тэхнічны каледж. Вяскоўцы прывязуць на кірмаш мёд і іншыя прысмакі. Да асенняга свята далучацца і гарадскія гандлёвыя прадпрыемствы. Творчыя калектывы Полаччыны створаць святочны настрой. Прыязджайце на кірмаш, час падрыхтоўкі да зімы ўжо надышоў!









