Кіпіць праца ў мехмайстэрнях сельскіх гаспадарак Полацкага раёна

Заботы сельские

Пра тое, што працу ў мехмайстэрні трэба любіць, адчуваць сябе ўпэўнена ў працэсе аднаўлення тэхнікі і яе абслугоўвання, ад слесараў і механізатараў я чую штогод.

Утакіх людзей асаблівае пачуццё адказнасці. Як сыйдзе снег, яны выедуць у поле, таму тэхніку трэба рамантаваць хутка, але не забывацца і пра якасць.

На мінулым тыдні кіпела праца ў мехмайстэрні ААТ «Новыя Гараны». У гэтай гаспадарцы 20 лютага пройдзе штогадовы дзяржтэхагляд гатоўнасці тэхнікі да вясенне-палявых работ.

— Большасць асноўных запланаваных рамонтаў энерганасычанай тэхнікі, пасяўной глебаапрацоўчай, для ўнясення ўгнаенняў ужо праведзены, — адзначыў Сяргей Ванько, галоўны інжынер гаспадаркі. — Належыць адрамантаваць камбінаваны агрэгат для мінімальнай апрацоўкі тэхнікі «Дыскапак-6-01». Усе механізатары традыцыйна рыхтуюцца да дзяржтэхагляду. Замацаваная тэхніка — трактары і агрэгаты — павінна быць спраўнымі і камплектнымі, мець добры знешні выгляд, усе машыны ўкамплектоўваем вогнетушыцелямі, аптэчкамі. Механізатарам трэба падрыхтаваць для праверкі і належныя дакументы.

Загадчыца мехмайстэрняй Жанна Прыгодзіч распавяла, што ўмовы для працы ў мехмайстэрні спрыяльныя, тут цёпла, ёсць пакой адпачынку. Рамонтам тэхнікі займаюцца слесары і механізатары.

Адзін з іх — Вадзім Барыла. Зараз рамантуе дыскатар АD-600 («Рубін»). Трэба замяніць дыскі, падшыпнікі.

— Нічога складанага тут няма, — усміхаўся працавіты мужчына. — Дэталі ёсць, патрэбны толькі ўмелыя рукі і час.

Поруч з ім працуе зямляк з Глыбоцкага раёна Максім Стахоўскі. Гэты механізатар — выпускнік Глыбоцкага ліцэя сельгасвытворчасці. Старэйшы таварыш хваліў 20-гадовага калегу за стараннасць.

Ніхто не ведае, якой будзе вясна — ранняй ці зацяжнай. Працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў рыхтуюцца да гэтай адказнай пары ўжо сёння. Ад таго, наколькі якасна будзе адрамантавана тэхніка, залежаць тэмпы працы ў полі, захаванне агратэхнічных тэрмінаў сяўбы і будучы ўраджай.