У Полацку прэзентавалі нумар гістарычнага часопіса, прысвечанага 900-годдзю Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра

Культура

На мінулым тыдні ў канферэнц-зале Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбылася прэзентацыя спецыяльнага нумара «Беларускага гістарычнага часопіса» (БГЧ) — «Шлях праз стагоддзі: да 900-годдзя Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра».

У сустрэчы прынялі ўдзел галоўны рэдактар БГЧ Аляксандр Карзюк і супрацоўнікі рэдакцыі, прадстаўнікі Нацыянальный акадэміі навук Беларусі, Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, студэнты і іншыя зацікаўленыя асобы. Мадэратарам мерапрыемства выступіў Аляксандр Карзюк, які распавёў пра часопіс увогуле і ў прыватнасці пра тое, як ішла работа над спецвыпускам выдання.

Прывітальныя словы ў адрас гасцей сустрэчы і аўтараў нумара прагучалі ад галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніса Юрчака, прарэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алесі Корсак. Манахіня Кіра агучыла прывітанні і добрыя пажаданні ад ігуменні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра Еўдакіі. А Аляксандр Карзюк выказаў удзячнасць усім, хто далучыўся да сумеснай работы над выданнем, падзякаваў загадчыку Краязнаўчага музея Ірыне Водневай за запрашэнне выступіць з прэзентацыяй часопіса ў Полацку і запрасіў усіх да плённага супрацоўніцтва на ніве навукі і адукацыі.   

Нумар атрымаўся шматгранным, з унікальнымі матэрыяламі, найноўшымі звесткамі па архітэктуры, археалогіі і рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскага храма. Гэты тэматычны праект аб’яднаў навукоўцаў і духавенства, прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх устаноў: Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітета імя Еўфрасінні Полацкай, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Інстытута этналогіі і антрапалогіі РАН, Дзяржаўнага Эрмітажа і ААТ «Рестпроект»
г.Санкт-Пецярбурга.

У спецвыпуску БГЧ ёсць лепта насельніц полацкай абіцелі, археолагаў, антраполагаў, спецыялістаў гістарычных дысцыплін, якія шмат год займаліся даследваннямі манастыра, стаялі ля вытокаў распрацоўкі архітэктурнай канцэпцыі рэстаўрацыі Спасскай царквы, даследвалі яе фрэскі, займаліся археалагічнымі раскопкамі.

Некаторыя з аўтараў, у ліку якіх Аляксей Коц, Вольга Емяльянчык, Іна Калечыц і іншыя, сцісла прадставілі тэматыку сваіх артыкулаў у ходзе прэзентацыі. Так званыя спойлеры зместу асобных матэрыялаў як след распалілі цікавасць тых, хто яшчэ не далучыўся да кола апантаных чытачоў БГЧ. Размова ішла пра тое, якія рэшткі былі знойдзены ў саркафагах ХІІ стагоддзя, пра графіці з выявамі крыжоў у Полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве, пра жаночае манаства і пра шмат іншых аспектаў даследванняў.

Тэма, якой БГЧ прысвяціў спецыяльны нумар, вельмі цікавая і сапраўды невычэрпная, як і ўся гісторыя полацкай зямлі. А таму, упэўнена, яна абавязкова атрымае працяг, як у навуковых артыкулах, так і ў публіцыстычных, аналітычных і мастацкіх творах.